Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча накіравала ў Беларусь афіцыйны запыт на выдачу падазраванага ў забойстве вайскоўца на мяжы ў 2024 годзе

Польскі памежнік. Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Польскі памежнік. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Інцыдэнт, які адбыўся ў траўні 2024 году, яшчэ больш ускладніў дачыненьні Беларусі і Польшчы.

Сьледчыя Польшчы высьветлілі асобу падазраванага ў забойстве польскага вайскоўца Матэвуша Сітэка пры спробе незаконна перасячы мяжу ў раёне вёскі Дубічы Царкоўныя ў Падляшшы.

Як паведаміла выданьне rmf24.pl, падазраваны зьяўляецца грамадзянінам адной з паўночнаафрыканскіх краін. Раней паведамлялі, што ён выхадзец з Блізкага Ўсходу і нават змог трапіць пасьля гэтага інцыдэнту на тэрыторыю Эўразьвязу.

«У расьсьледаваньні справы ўдзельнічалі шматлікія ведамствы. Каб забясьпечыць эфэктыўнасьць гэтай супрацы, было вырашана, што ніякая інфармацыя не павінна разгалошвацца. [...] Падчас сьледзтва апыталі больш за 140 чалавек у Польшчы і за мяжой. Сьледчым ужо некалькі месяцаў вядомая асоба мужчыны, які сьмяротна параніў маладога жаўнера», — адзначаецца ў публікацыі.

Летась у ліпені яму выставілі абвінавачаньне, суд выдаў ордэр на арышт, і на гэтай падставе яго абвясьцілі ў міжнародны вышук. Сьледчыя таксама высьветлілі, што злачынец знаходзіцца ў Беларусі.

У сьнежні 2025 году ў Менск накіраваны афіцыйны запыт аб арышце падазраванага і яго экстрадыцыі ў Польшчу. Беларускія ўлады дагэтуль не адказалі на запыт. Празь адсутнасьць адказу расьсьледаваньне сёлета ў траўні прыпынілі.

«Малаімаверна, што Беларусь выдасьць гэтага чалавека Польшчы», — працытавала выданьне свайго суразмоўцу, знаёмага са сьледзтвам. Для сьледчых таксама важна атрымаць інфармацыю аб тым, як ён трапіў у Беларусь, а там — на мяжу з Польшчай.

«Гэта можа пацьвердзіць мэханізмы рэжыму Лукашэнкі, які справакаваў мігранцкі крызіс у нашай частцы Эўропы. Гэта таксама можа пацьвердзіць ролю, якую адыгралі беларускія службы і памежнікі ў стварэньні „міграцыйнага ціску“», — адзначыла выданьне.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку.

Калі жаўнер блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку цераз плот, нанёс яму ўдар у грудзі нажом, прывязаным да палкі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Пасьля гэтага інцыдэнту Польшча ўвяла 200-мэтровую буфэрную зону на мяжы зь Беларусьсю.

Загінулага Матэвуша Сітэка рашэньнем міністра абароны Польшчы Ўладыслава Касіняка-Камыша пасьмяротна павысілі ў званьні да старшага сяржанта, а таксама ўзнагародзілі залатым мэдалём «За заслугі ў абароне краіны».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG