Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГАТЭ расьсьледуюць пацэльваньне Расеі ў сховішча зь ядзерным палівам паблізу Чарнобыльскай АЭС

Офіс МАГАТЭ ў Вене (Аўстрыя). Архіўнае фота
Офіс МАГАТЭ ў Вене (Аўстрыя). Архіўнае фота

Група экспэртаў Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ, IAEA) наведала сховішча каля Чарнобыльскай АЭС, у якім захоўваецца адпрацаванае ядзернае паліва, і зафіксавала наступствы расейскага ўдару 7 чэрвеня.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні арганізацыі, удар нанёс значную шкоду канструкцыі памяшканьня, у якім прымаюць паліва, уключна з офісам Інспэкцыі МАГАТЭ, што знаходзіцца ў тым жа памяшканьні.

«Група экспэртаў зафіксавала пашкоджаньні фасаду памяшканьня [...] і пацьвердзіла, што ўзроўні радыяцыі на аб’екце засталіся ў межах нормы, што сьведчыць аб адсутнасьці якога-небудзь радыяцыйнага забруджаньня ў выніку інцыдэнту», — паведамілі ў МАГАТЭ.

Як высьветлілася, на момант атакі адпрацаванае ядзернае паліва захоўвалася ў кантэйнэрах за некалькі сотняў мэтраў ад пашкоджанага памяшканьня, а іншыя кантэйнэры, якія знаходзіліся бліжэй, былі парожнімі. «Па-ранейшаму незразумела, калі аб’ект зноў зможа пачаць прымаць ядзернае паліва зь дзейных АЭС Украіны», — адзначылі экспэрты.

Генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі назваў гэты ўдар «надзвычай трывожным інцыдэнтам» з гледзішча ядзернай бясьпекі.

«Напад на аб’ект зь вялікай колькасьцю ядзерных матэрыялаў — гэта як гульня з агнём, і такога ніколі не павінна адбывацца», — сказаў Рафаэль Гросі. Ён дадаў, што МАГАТЭ працягне расьсьледаваньне інцыдэнту.

У ноч на 7 чэрвеня расейскія войскі пацэлілі ў сховішча дронам «Герань-2». Сьледчыя Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ) завялі крымінальную справу паводле гэтага інцыдэнту.


Чаму гэта важна

Цэнтралізаванае сховішча адпрацаванага ядзернага паліва (ЦСЯП) разьмешчана ў Чарнобыльскай зоне адчужэньня, недалёка ад былой вёскі Буракоўкі. Аб’ект знаходзіцца прыблізна за 15 кілямэтраў на захад ад Чарнобыльскай АЭС і прыкладна за 8 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю.

Сховішча прызначана для сухога захоўваньня адпрацаванага ядзернага паліва зь дзейных украінскіх атамных электрастанцыяў — Ровенскай, Хмяльніцкай і Паўднёваўкраінскай. Бясьпека і стан гэтага абʼекту выклікаюць павышаную ўвагу празь яго блізкасьць да зоны ваенных дзеяньняў і нядаўнія напады на інфраструктуру абʼекту.

Нядаўна Аляксандар Лукашэнка, камэнтуючы заяву вайскавода Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Украіны Робэрта Броўдзі аб паўтысячы патэнцыйных цэляў у Беларусі ў выпадку яе далучэньня да вайны, паведаміў, што таксама мае цэлі ва Ўкраіне.

«У нас ёсьць адна цэль — вельмі сур’ёзная, з дакладнымі каардынатамі, і зусім недалёка ад Беларусі. Гэта ж яны таксама разумеюць», — заявіў Лукашэнка, але не ўдакладніў месца яе знаходжаньня.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG