Работы пачнуць у 2024 годзе — такая інфармацыя зьявілася на сайце дзяржзакупак, заўважыла Hrodna.life.
Горадзенская ЖКГ правяла закупку з адной крыніцы. Прапісаны тэрмін пастаўкі — з 6 лютага па 5 ліпеня 2024 году. Распрацоўка перадпраектнай і праектна-каштарыснай дакумэнтацыі па ўсталяваньні флягштока і добраўпарадкаваньні прылеглай тэрыторыі будзе каштаваць бюджэту 65 122,67 рублёў. Работы правядуць з 8 студзеня па 7 чэрвеня 2024 году.
У флягштока будзе дадатковае падсьвятленьне. Каля яго разьмесьцяць абсталяваньне і канструкцыі для разьмяшчэньня герба і прайграваньня гімна. Да месца арганізуюць падыход для гараджан і турыстаў. Побач усталююць прынамсі два сьвятлодыёдныя экраны з гукам. На тэрыторыі будзе стэла з назвай плошчы. Пры работах плянуюць забясьпечыць безбар’ернае асяродзьдзе, азеляніць прылеглую тэрыторыю і пераўладкаваць інжынэрныя сеткі.
Дакладную вышыню флягштока з чырвона-зялёным дзяржаўным сьцягам Беларусі вызначаць праектам ва ўвязцы з будынкамі, якія існуюць цяпер.
У апошнія гады флягштокі ўзяліся ўзводзіць і ў іншых абласных цэнтрах Беларусі.
У 2020-м такі абʼект узьвялі ў Гомлі. Яго кошт на той момант склаў амаль паўтара мільёна рублёў. Гомельскі флягшток — другі па вышыні такі абʼект на тэрыторыі Беларусі. Першае месца — у 70-мэтровай стэлы на плошчы Дзяржаўнага сьцяга ў Менску.
У Віцебску плянуюць узьвесьці флягшток вышынёй ад 50 да 64,5 мэтра на плошчы 1000-годзьдзя гораду — для «патрыятычнага выхаваньня насельніцтва».