Такую заяву зрабіла афіцыйная прадстаўніца NATO Аана Лунгеску ў інтэрвію польскаму інфармагенцтву PAP, паведамляе DW.
Рэагуючы на агрэсіўныя дзеяньні Расеі, NATO ўзмацніла сваю абаронную прысутнасьць на ўсходнім флянгу і працягвае рабіць усё неабходнае для стрымліваньня любой пагрозы і абароны кожнага сантымэтру тэрыторыі альянсу, падкрэсьліла Лунгеску.
Вучэньні Беларусі паблізу межаў Польшчы і Літвы
7 жніўня Беларусь пачала вайсковыя вучэньні паблізу мяжы з Польшчай і Літвой. Пры гэтым Мінабароны ў Менску паведаміла, што гэтыя манэўры заснаваныя на досьведзе, атрыманым у выніку «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».
Вучэньні праходзяць у Горадзенскай вобласьці, недалёка ад так званага Сувальскага калідора — тэрыторыі працягласьцю менш за сто кілямэтраў, якая злучае Польшчу і Літву і аддзяляе Калінінградзкую вобласьць РФ ад Беларусі.
9 жніўня стала вядома, што Польшча накіруе дадаткова 2 тысячы вайскоўцаў для ўмацаваньня сваёй усходняй мяжы з суседняй Беларусьсю.
У інтэрвію агенцтву Аана Лунгеску паўтарыла зьвернуты да сусьветнай супольнасьці заклік кіраўніцтва NATO, які прагучаў на саміце Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Вільні: не падтрымліваць Расею ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны і асудзіць усіх, хто робіць гэта.