У справаздачы Эўразьвязу на днях будзе апублікавана, што Ўкраіна выканала дзьве зь сямі ўмоваў для пачатку перамоваў аб сяброўстве, паведамілі дзьве крыніцы агенцтва Reuters у ЭЗ. Пры гэтым Эўрапейская камісія мае намер падкрэсьліць дасягнуты прагрэс Украіны, нягледзячы на расейскае ўварваньне.
Эўразьвяз год таму прысвоіў Украіне афіцыйны статус кандыдата на сяброўства— праз чатыры месяцы пасьля нападу Расеі на Ўкраіну, у тым ліку мэтай якога была спропа перашкодзіць інтэграцыі Ўкраіны з Захадам.
Разам з тым, Эўрапейскі зьвяз паставіў перад Украінай сем умоваў, у тым ліку рэформу судовай сыстэмы і супрацьдзеяньне карупцыі, каб пачаць перамовы аб далучэньні да альянсу. Кіеў заклікаў Брусель пачаць перамовы ўжо сёлета.
Даклад Эўракамісіі зьяўляецца этапам у гэтым працэсе, вынікам якога, як спадзяюцца прыхільнікі найхутчэйшага далучэньня Ўкраіны да ЭЗ, стане рашэньне пачаць перамовы з Кіевам сёлета у сьнежні.
Два высокапастаўленыя чыноўнікі Эўразьвязу, азнаёмленыя са справаздачай, заявілі, што на гэты момант Кіеў выканаў умовы, зьвязаныя з судовай рэформай і законам аб СМІ, і дадаў, што ў справаздачы ўдзяляецца ўвага станоўчым аспэктам.
«Прагрэс ёсьць. Справаздача будзе ўмерана пазытыўнай», — прыводзіць словы сваёй крыніцы інфармацыйнае агенцтва Reuters.
«Гаворка не ідзе аб перабольшваньні рэальнасьці, а аб прызнаньні дасягнутага прагрэсу. Напрыклад, можна назваць вядомыя выпадкі барацьбы з карупцыяй».
У апошнія месяцы ва Ўкраіне мелі месца знакавыя падзеі ў барацьбе з карупцыяй, у тым ліку затрыманьне кіраўніка Вярхоўнага суду праз падазрэньне ў атрыманьні хабару ў памеры 2,7 мільёна даляраў.
Акрамя ўзмацненьня барацьбы з карупцыяй, іншымі крытэрыямі зьяўляюцца рэформы Канстытуцыйнага суду і праваахоўных органаў, меры па супрацьдзеяньні адмываньню грошай, а таксама законы, накіраваныя на абмежаваньне ўплыву алігархаў і абарону правоў нацыянальных меншасьцяў.
Яшчэ адна крыніца Reuters, якая таксама зьяўляецца чыноўнікам ЭЗ, знаёмым з рэкамэндацыямі блёку ў прававой рэформе Украіны, дадала:
«Што да рэформаў, то можна сказаць, што „шклянка напалову поўная“,... Рэформы ў судовай сыстэме прасоўваюцца, хаця ёсьць і ключавыя аспэкты, якія патрабуюць паляпшэньня. Ня ўсё здавальняюча».
27 краін ЭЗ павінны будуць прыняць канчатковае рашэньне аб тым, ці пачнуцца перамовы зь Кіевам аб уступленьні ў блёк. І калі пачнуцца, то краіны таксама мусяць вызначыцца з тэрмінамі.
Для таго, каб адпавядаць патрабаваньням Эўразьвязу, Украіна павінна прывесьці свае законы ў адпаведнасьць з многімі стандартамі ЭЗ, якія ахопліваюць такія галіны, як клімат і працоўныя адносіны. На практыцы шлях Украіны да сяброўства можа заняць гады, і мала хто верыць, што краіна зможа далучыцца да эўрапейскага блёка, знаходзячыся ў стане вайны з Расеяй.
Суседзі Ўкраіны на ўсходнім флянгу Эўрапейскага зьвязу, такія як Польшча і краіны Балтыі, у цэлым падтрымліваюць паскарэньне працэсу для Кіева, у той час як заходнія члены ЭЗ, у тым ліку Францыю, Нямеччыну і Нідэрлянды, ставяцца да гэтай ідэі больш стрымана.