Як паведамілі выданьню eska.pl у Галоўным упраўленьні муніцыпальнай паліцыі ў Бяла-Падлясцы, акцыя пратэсту польскіх перавозчыкаў, якія блякавалі адзіны дзейны грузавы памежны пераход на польска-беларускай мяжы «Казловічы — Кукурыкі», скончылася ўвечары 12 траўня.
Рашэньне спыніць акцыю прыняў мэр гміны Цярэспаль, а ня самі пратэстоўцы.
Як патлумачыла сакратар гміны Цярэспаль Данута Ваўчаняк выданьню lublin.pl, рашэньне прынятае пасьля ліста начальніка гарадзкой паліцыі ў Бяла-Падлясцы, які заявіў, што «існуе пагроза жыцьцю і здароўю людзей, а таксама небясьпека дарожнага руху» і што варта разгледзець пытаньне аб роспуску акцыі.
«Акрамя таго, былі і пратэсты жыхароў», — дадала Данута Ваўчаняк.
Арганізатары акцыі заявілі, што зьбіраюцца абскарджваць рашэньне чыноўнікаў у судзе, і калі ім гэта ўдасца, маюць намер аднавіць пратэсты 15 траўня.
Аналягічная акцыя польскіх транспартнікаў паблізу пункту пропуску «Дарахуск» каля мяжы з Украінай працягваецца.
- 23 сакавіка польскія грузавыя кампаніі правялі папераджальную акцыю, каб сярод іншага дамагчыся забароны на рэгістрацыю ў краіне кампаній-перавозчыкаў з расейскім і беларускім капіталам. Пратэстоўцы далі ўраду 14 дзён на тое, каб адрэагаваць на выстаўленыя патрабаваньні.
- 9 траўня польскія перавозчыкі пачалі блякаваць рух фураў праз памежны пераход «Карошчын — Казловічы» на беларуска-польскай мяжы на знак нязгоды з «захопам рынку аўтамабільных грузаперавозак на ўсход беларускімі і расейскімі кампаніямі». Яны патрабавалі забараніць уезд у Польшчу паўпрычэпам зь беларускай і расейскай рэгістрацыяй, прыпыніць дзейнасьць беларускіх і расейскіх кампаній пад польскім прыкрыцьцём і абмежаваць ільготы для ўкраінскіх перавозчыкаў.
- Арганізатары пратэсту атрымалі дазвол на акцыю ў пэрыяд з 9 траўня да 9 чэрвеня.
- Аналягічная акцыя польскіх транспартнікаў 4 траўня стартавала паблізу пункту пропуску «Дарахуск» каля мяжы з Украінай. Там польскія фуры заблякавалі рух і прапускаюць па адной фуры за гадзіну. Гэта прывяло да значнага павелічэньня чаргі і часу прастою.