Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пакістане ўзарвалі мячэць: 90 загінулі, 200 параненыя


На месцы выбуху ў Пешавары, 30 студзеня 2023
На месцы выбуху ў Пешавары, 30 студзеня 2023

Тэракт адбыўся ў мячэці ў пакістанскім горадзе Пешавары.

Колькасьць загінулых у выніку выбуху ў Пешавары ўзрасла да 90 чалавек, выратавальная апэрацыя ўсё яшчэ працягваецца і разьбіраюцца абломкі мячэці, паведамляе Пакістанскае радыё.

Больш за дзвесьце пацярпелых даставілі ў шпіталі, каля ста параненых яшчэ знаходзяцца на лячэньні, а астатніх выпісалі.

Выбух прагрымеў, калі вернікі сабраліся ў мячэці, паведаміла ВВС.

Частка будынка была разбураная, і, па словах чыноўнікаў, людзі апынуліся пад заваламі. Некалькі пацярпелых былі дастаўленыя ў мясцовыя лякарні.

Урадавы чыноўнік паведаміў, што сярод загінулых шмат паліцыянтаў. Чыноўнік думае, што цэльлю нападу была паліцыя.

Ратавальныя работы на месцы выбуху
Ратавальныя работы на месцы выбуху

Прэм’ер-міністар Пакістану Шэбаз Шарыф рэзка асудзіў тэрарыстычныя акты. У сваёй заяве Шарыф заявіў, што тыя, хто стаіць за інцыдэнтам, «ня маюць нічога агульнага з ісламам».

Ён дадаў: «Увесь народ адзіны супраць пагрозы тэрарызму».

Выбух адбыўся падчас пасляабедзеннай малітвы ў горадзе на паўночным захадзе краіны, недалёка ад мяжы з Афганістанам, каля 13:30 па мясцовым часе.

На відэа, апублікаваным у сацыяльных сетках, відаць, як абрынулася палова сьцяны будынка. Мячэць засыпаная цэглай і абломкамі, празь якія людзі спрабуюць уцячы зь месца трагедыі.

Унутры мячэці вядзецца ратавальная апэрацыя, «целы загінулых усё яшчэ вывозяць», — сказаў намесьнік камісара Пешавару Шафіула Хан.

У сакавіку мінулага года Пешавар стаў мішэньню яшчэ аднаго выбуху ў шыіцкай мячэці, ад якога загінулі дзясяткі чалавек.

У сталіцы краіны Ісламабадзе паліцыя абвясьціла павышаны ўзровень небясьпекі і паведаміла, што на ўсіх пунктах уезду і выезду ў горад узмоцнена ахова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG