Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз выдзеліў яшчэ 25 млн эўра на падтрымку дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека ў Беларусі


Сьцяг Эўрапейскага зьвязу
Сьцяг Эўрапейскага зьвязу

Эўразьвяз пасьля 2020 году ўжо выдаткаваў больш як 100 мільёнаў эўра на дапамогу ахвярам рэпрэсій, грамадзянскай супольнасьці, незалежным СМІ, моладзі.

Беларусы далей могуць разьлічваць на стыпэндыі для вучобы ў ВНУ і падвышэньня кваліфікацыі, падаваць заяўкі на кароткатэрміновыя прафэсійныя абмены, дасьледчыя стыпэндыі і гранты.

Эўракамісія ўхваліла новую праграму дапамогі беларускаму народу пасьля жорсткага разгону ўладамі акцый пратэсту ў Беларусі супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў у 2020 годзе.

Як адзначаецца на сайце Эўракамісіі, вартасьць праграмы складае 25 мільёнаў эўра.

Падтрымка будзе накіравана актывістам грамадзянскай супольнасьці за прасоўваньне дэмакратычных зьменаў і правоў чалавека ў Беларусі, студэнтам і акадэмічным спэцыялістам.

Згодна з паведамленьнем, цяпер больш як 520 студэнтаў атрымліваюць стыпэндыі і амаль 800 грамадзян удзельнічаюць у навучаньні для павышэньня сваёй кваліфікацыі.

Апроч таго, беларусы могуць падаваць заяўкі на кароткатэрміновыя прафэсійныя абмены, дасьледчыя стыпэндыі і гранты.

У межах гэтай праграмы будзе прафінансавана 450 стыпэндый, 500 прафэсійных абменаў, а таксама іншыя адукацыйныя праекты.
Такім чынам, агульная дапамога Эўразьвязу ў 2022 годзе перавысіць 30 мільёнаў эўра.

Пасьля сфальсыфікаваных выбараў у жніўні 2020 году Эўразьвяз выдаткаваў больш як 100 мільёнаў эўра на дапамогу ахвярам рэпрэсій, грамадзянскай супольнасьці, незалежным СМІ, моладзі, студэнтам, малому бізнэсу, а таксама ў сфэры аховы здароўя і культуры.

Як заявіла раней Свабодзе Катарына Матэрнава, намесьніца генэральнага дырэктара дэпартамэнту Эўракамісіі ў эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні, ад 2020 году не было іншай краіны сьвету, дзе б Эўразьвяз даваў такі ўзровень падтрымкі прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці і недзяржаўнага сэктару, як Беларусі.

«Гэта шырокі спэктар — грамадзянская супольнасьць, незалежныя СМІ, студэнты, прадпрымальнікі, дзеячы культуры, прадстаўнікі розных прафэсій. Агулам ад 2020 году мы мабілізавалі фінансавых рэсурсаў прыкладна на 100 мільёнаў эўра для такой шырокай падтрымкі. Мы не абмяркоўвалі гэтага з калегамі, але я думаю, што ня знойдзецца іншай краіны, дзе такі ўзровень падтрымкі ішоў бы недзяржаўным субʼектам, прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці і гэтак далей».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG