Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вайна зьмяніла Беларусь? Дыскусія экспэртаў


Каляж
Каляж

Якой была самая моцная рэакцыя беларускага грамадзтва на вайну Расеі супраць Украіны? Чаму апазыцыя адназначна стала на бок Украіны? Як зьмянілася ў выніку вайны стаўленьне беларусаў да Расеі? Як яны рэагуюць на папрокі з боку ўкраінцаў за датычнасьць да агрэсіі?

Гэтыя тэмы абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Галоўная, самая моцная рэакцыя беларусаў на вайну Расеі з Украінай — гэта страх; страх, што Беларусь будзе наўпрост у яе ўцягнутая: ці то беларускія вайскоўцы будуць ваяваць, ці то вайна прыйдзе на тэрыторыю Беларусі.
  • Гэты страх распаўсюдзіўся на ўсё грамадзтва, незалежна ад палітычных поглядаў. Напалоханыя былі і праціўнікі, і прыхільнікі Лукашэнкі. Вынікі сацыялягічных апытаньняў паказваюць, што для беларусаў гэта чужая вайна.
  • Лёгіка геапалітычнага супрацьстаяньня ў нашым рэгіёне падштурхнула асноўную частку дэмакратычнай супольнасьці да таго, каб заняць пэўную пазыцыю адносна вайны.
  • У 2020 годзе пратэст аб’яднаў людзей з рознымі геапалітычнымі арыентацыямі. Лідэры пратэсту спрабавалі вынесьці геапалітыку за дужкі палітычнага змаганьня, каб не расколваць пратэст.
  • Захад падтрымаў пратэст, Расея — рэжым Лукашэнкі. Супрацьстаяньне Расеі і Захаду абвастралася. І гэта непазьбежна вяло да таго, што геапалітыка непазьбежна выйдзе на першы плян. І гэта працэс адбываўся і да 24 лютага.
  • Але вайна падштурхнула і ўзмацніла гэты працэс геапалітычнага самавызначэньня беларускай апазыцыі. У яе проста не было іншага выбару.
  • Большасьць беларусаў не заўважылі пагаршэньня стаўленьня да іх украінцаў. У беларускім грамадзтве назіраецца глыбокі сьветапоглядны раскол. Прыхільнікі Лукашэнкі падзяляюць афіцыйную пазыцыю, паводле якой украінцы — гэта «нацысты», што яны несамастойныя, што там пануюць амэрыканцы. А тады якая розьніца, як украінцы ставяцца да беларусаў? Гэта ж для гэтай групы беларускага грамадзтва не сапраўднае стаўленьне, а накінутае Захадам.
  • Апазыцыйная частка беларускага грамадзтва з болем назірае за такой рэакцыяй украінскага грамадзтва на беларусаў. І ў гэтай частцы супярэчлівыя пачуцьці. З аднаго боку — спачуваньне беларусам, жаданьне ім перамогі; з другога боку — балючае ўспрыняцьцё ўскладаньня на беларусаў адказнасьці за саўдзел у агрэсіі.
  • З боку ўкраінскіх уладаў назіраецца адштурхоўваньне саюзьніка, якім магла б быць дэмакратычная супольнасьць Беларусі.

Цыганкоў

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
  • «Рэйкавыя партызаны», байцы палку Каліноўскага ня лічаць гэтую вайну чужой. Але дамінуюць антываенныя настроі. Мінімальны адсотак беларусаў падтрымліваюць удзел іх краіны ў гэтай вайне, нават тыя, хто падтрымлівае Расею ў гэтым канфлікце, пераважна супраць непасрэднага ўдзелу Беларусі ў ім.
  • Многія беларусы спрабуюць дыстанцыянавацца ад гэтай вайны, гэта робіць нават частка тых, хто супраць рэжыму Лукашэнкі. Адна паэтка ў інтэрвію Радыё Свабода сказала, што некаторыя з тых, хто разам зь ёй у 2020 годзе хадзілі на маршы пратэсту, цяпер гавораць, што вайна нас не павінна цікавіць.
  • Гэтую ідэю эксплюатуе і афіцыйная прапаганда. Нягледзячы на тое, што зь беларускай тэрыторыі ляцяць ракеты ва Ўкраіну, Лукашэнка ўвесь час падкрэсьлівае, што мы не ваюем і наагул ні пры чым. І гэта кладзецца на ўспрыняцьцё большасьці беларусаў.
  • Сацыялягічныя дасьледаваньні паказвалі, што пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе больш за палову беларусаў падтрымалі гэтыя дзеяньні Расеі. Для беларусаў дэмакратычных поглядаў яны былі шокам.
  • Цяпер, паводле апытаньняў, беларускае грамадзтва ў пытаньні стаўленьня да паводзінаў Расеі ва Ўкраіне падзеленае прыблізна напалам, нават крыху больш тых, хто не ўхваляе дзеяньні РФ.
  • Калі ў 2014 годзе нехта мог лічыць, што Расея абараняе расейскамоўных у Крыме ці на Данбасе, то цяпер для большай, чым тады, часткі грамадзтва цяперашняя вайна — гэта агрэсія, якая не ўспрымае існаваньне незалежнай Украіны, як, дарэчы, і існаваньне незалежнай Беларусі. Пра апошняе сьведчыць нядаўні расповед канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца аб ягонай размовы з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.
  • Дзьве рэчы пагоршылі стаўленьне многіх беларусаў да Расеі: гэта 2020 год, калі Расея падтрымала рэжым Лукашэнкі, і сёлетняя вайна. У вынікі доля безумоўнай падтрымкі Расеі зьменшылася, хаця яна і застаецца даволі вялікай.
  • Для некаторых Расея — гэта ня толькі Пуцін, яны вераць, што Расея некалі можа скінуць Пуціна, адмовіцца ад сваіх агрэсіўных амбіцыяў і стаць нармальнай, дэмакратычнай краінай. Многія беларусы адчуваюць сваю сацыяльна-культурную блізкасьць да Расеі. І гэтае адчуваньне ня надта зьмянілі сёлетнія паводзіны РФ ува Ўкраіне.
  • У грамадзтве пераважае думка, што беларускі народ ні пры чым у гэтай вайне. Беларусы лічаць несправядлівымі абвінавачваньні ў калектыўнай віне. Па-першае, таму, што мы рабілі ўсё, што маглі, таму што мы змагаліся з дыктатурай, якая зараз дазваляе абстрэльваць Украіну ракетамі зь беларускай тэрыторыі. Па-другое, таму, што мы акупаваная Расеяй краіна, мы яе ахвяры, а ахвярам нельга ставіць у віну агрэсію.
  • Беларусы зараз пачалі адказваць украінцам больш агрэсіўна, чым раней. На пачатку вайны было спалучэньне адчуваньня віны з адмаўленьнем яе. Цяпер адмаўленьне віны ўзмацнілася. Беларусы не гатовыя прыняць, што іх нехта ня любіць.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Ад пачатку паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі як найменей 34 беларусы, якія змагаюцца за яе незалежнасьць.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • Паводле звестак ААН, у выніку паўнамаштабнай вайны каля 8 мільёнаў жыхароў Украіны сталі ўцекачамі.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку 2022 году плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG