Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Узбэкістана заявіў аб блякаваньні інтэрнэту ў Каракалпакстане


 Каракалпакстан пасьля пратэстаў
Каракалпакстан пасьля пратэстаў

МЗС Узбэкістану заявіў пра блякаваньне інтэрнэту ў Каракалпакстане з прычыны распаўсюджваньня «фэйкавых навін» і «ўцягваньня грамадзян у антыканстытуцыйную дзейнасьць». Пра гэта паведамляе Gazeta.uz.

У МЗС лічаць, што 1–2 ліпеня 2022 году ў Нукусе «была ўчыненая спроба падрыву канстытуцыйнага ладу, тэрытарыяльнай цэласнасьці і адзінства Рэспублікі Узбэкістан».

«Прыкрываючыся папулісцкімі лёзунгамі, распаўсюджваючы фэйкавыя навіны праз сродкі мабільнай сувязі і інтэрнэт, варожа настроеныя сілы спрабавалі масава ўцягнуць грамадзян у антыканстытуцыйную дзейнасьць. Гэта вымусіла зрабіць захады дзеля часовага абмежаваньня інтэрнэт-сувязі», — растлумачылі ў замежнапалітычным ведамстве.

Па дадзеных Генпракуратуры на 4 ліпеня, ахвярамі беспарадкаў сталі ня менш за 18 чалавек. Як сьцьвярджае ведамства, усе яны атрымалі цяжкія траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём. Акрамя таго, падчас беспарадкаў пацярпелі яшчэ 243 чалавекі, сярод іх 38 супрацоўнікаў праваахоўных органаў. 516 пратэстоўцаў затрымалі.

Цяпер на тэрыторыі Каракалпакстану ў поўным аб'ёме працуе мабільная сувязь, функцыянуюць харчовыя крамы, рынкі, пякарні, банкі, лякарні і іншыя сацыяльныя абʼекты, паведамілі ў МЗС.

Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет заклікала не абмяжоўваць доступ да сеціва і заявіла аб неабходнасьці празрыстага і незалежнага расьсьледаваньня падзей у рэгіёне.

  • Буйныя пратэсты ў Каракалпакстане пачаліся 1 ліпеня пасьля публікацыі праекту паправак да Канстытуцыі. Новая рэдакцыя была вынесена на грамадзкае абмеркаваньне 26 чэрвеня. У ёй выключаўся сувэрэнітэт Рэспублікі Каракалпакстан і права яе насельніцтва на аддзяленьне на падставе ўсеагульнага рэфэрэндуму.
  • Аднак пасьля пратэстаў папраўкі пра адмену аўтаноміі вырашылі скасаваць.
  • 2 ліпеня ў Нукус прыбыў прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў, ён паабяцаў не мяняць артыкулаў Канстытуцыі, якія тычацца аўтаноміі рэспублікі, «калі каракалпацкі народ не задаволены». МУС Узбэкістану назвала дэманстрацыі незаконнымі. У паведамленьні ведамства таксама гаворыцца аб «няправільным тлумачэньні канстытуцыйных рэформаў».
  • Сілавікі жорстка душылі пратэсты ў Нукусе ў Каракалпакстане, раней паведамлялася пра забітых і параненых мірных грамадзян. Па словах прэзыдэнта Ўзбэкістану, у выніку пратэстаў у Нукусе ёсьць ахвяры як сярод дэманстрантаў, так і сярод сілавікоў. Інфармацыю пра загінулых пазьней прывяла Генпракуратура краіны: паводле яе дадзеных, ахвярамі беспарадкаў сталі ня менш як 18 чалавек. Як сьцьвярджае ведамства, усе яны атрымалі цяжкія траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём. Акрамя таго, падчас беспарадкаў яшчэ 243 чалавекі пацярпелі, сярод іх 38 супрацоўнікаў сілавых органаў. 516 пратэстоўцаў затрымалі, паведаміў прадстаўнік Генпракуратуры Ўзбэкістану 4 ліпеня падчас брыфінгу ў Ташкенце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG