Ад вайны. 17 партрэтаў украінскіх уцекачоў

За пяць тыдняў вайны з Украіны зьехалі чатыры мільёны ўцекачоў, паведамляе ААН. Зьяжджаюць сем'ямі, адныя, з жывёламі. Свабода задакумэнтавала твары людзей, якія бягуць ад вайны, адразу пасьля пераходу ўкраінска-польскай мяжы на пункце Мэдыка.

Марыя,
Сарны, Ровенская вобласьць

— Мне 72 гады. Уся сям’я засталася дома. Я еду адна. У Нямеччыне мы сустрэнемся з пляменьніцай. Вельмі балюча, вельмі трывожна. Бязь сьлёз немагчыма. Маленькія дзеці, іх забіваюць, руйнуюць дамы, лякарні. Гэта вельмі цяжка…

Ліля і сабака Рокі,
Львоў


Юлія і Вікторыя,
Харкаў

— Малодшай дачцы ўсяго годзік. Пазаўчора мы выехалі з Харкава. Жывем у высокім доме. З маленькім дзіцём ня будзеш безупынна бегаць у бамбасховішча.

Самае страшнае — гэта калі над тваім домам ляцяць вайсковыя самалёты.

Я чула гукі самалётаў, хапала малую пасярод ночы, выбягала ў калідор у адной начнушцы, пасьля вярталася, пасьля ізноў бегла. Мне было так страшна, трэсьліся рукі.

З боку Расеі — у мяне нават няма слоў. Мы проста такога не чакалі. Мы клаліся спаць і ўсё было ў парадку. А раніцай мяне разбудзіла старэйшая дачка і сказала: «Уставай, пачалася вайна».

Як так можна? Расейскія войскі абстралялі машыну нашых сваякоў. Мірныя людзі, праяжджалі блёкпост на сваёй машыне. Вайскоўцы пажадалі ім шчасьлівай дарогі, а сьледам расстралялі машыну. Яны выжылі, іх выратавалі рэчы ў машыне.

Далей мы паедзем да знаёмых у Нямеччыну.

Захар і Назар,
Ровенская вобласьць


Сьвятлана і сабака Бой,
Кіеў
Ліля і Ірына,
Лебядзін, Сумская вобласьць

— Хаваліся па падвалах. Засталіся без сьвятла, вады. У нас якраз сьнег выпаў. Таму сьнег тапілі і пілі замест вады.

Проста ня верыцца: ХХІ стагодзьдзе на двары. Жылі ўсе мірна. Не чакалі такога ад рускіх.

Едзем, ня ведаем куды. Куды-небудзь.

Вадзім, Ніна, Лена, каты Ясік і Паліфік,
горад Часаў Яр, Данецкая вобласьць

— Мы едзем з гораду Часаў Яр, ён за 100 кілямэтраў ад Данецку. Перажылі 2014 год, тады над нашымі дамамі ляталі снарады. Але на гэты раз мы ўжо ня вытрымалі. Выехалі ў асноўным дзеля Вадзіма (хлопец на інвалідным вазку. — РС).

У горадзе быў дэфіцыт пераносак для жывёл. Удалося знайсьці толькі адну, і то зь цяжкасьцямі. Таму каты б’юць адно аднаго ўсю дарогу, ня могуць ужыцца.

Ірына і сабака Мікі,
Кіеў


Аксана, Ксенія і сабака Моця,
Ахтырка, Сумская вобласьць

— Мы пяты дзень у дарозе. Калі было апошняе бамбаваньне, у нас павыляталі шыбы з вокнаў. Нават не ад бомбаў, а ад таго, што ляцелі самалёты. Ужо не маглі трываць. Мы з 24 лютага амаль увесь час сядзелі ў падвале. Было вельмі халодна, ён нічым не абсталяваны.

Ксюша — скрыпачка. Выкладчык музыкі Ксеніі параіў нам ехаць у Львоў. Але ў Львове таксама сырэны, торгаесься ўвесь час. Патэлефанавалі з Дортмунду, прапанавалі вучобу ў музычнай школе для Ксюшы. Цяпер гэта самае галоўнае. Бо калі музы́ка доўга ня грае, для яго гэта вельмі дрэнна.

Валянціна, 84 гады
Кіеў

Росьцік, Астап, Ігар,
Львоў

— Мы едзем у Нямеччыну. Спадзяемся, толькі на 2 тыдні. Пагасьцюем — і вернемся назад ва Ўкраіну.

Марыя і мужчына, які пажадаў застацца ананімным
Натальля і сабака Моль,
Чарнігаў

— Мы трэці дзень едзем з Чарнігава. Нам вельмі пашанцавала адтуль выехаць.

Аксана і Лена,
Мелітопаль
Соф’я і сабака Мілка,
Сумы
Аня і Ярык,
Чаркасы

— Мы брат і сястра. Больш за суткі ў дарозе. 6 гадзін стаялі ў чарзе на мяжы. Ужо даволі халодна.

Сьвятлана і сабака Рой,
Луганская вобласьць

— Мы едзем другі дзень. Сабака ў моцным стрэсе, у яго ўжо некалькі раз былі прыступы ў дарозе.