Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Беларускія войскі ня ўдзельнічаюць у апэрацыі на Данбасе


Аляксандар ЛУкашэнка, 17 лютага 2022 году
Аляксандар ЛУкашэнка, 17 лютага 2022 году

24 лютага Лукашэнка правёў нараду з вайскоўцамі ў Палацы Незалежнасьці.

Лукашэнка праводзіць апэратыўную нараду з вайскоўцамі.
Падчас яе ён заявіў, што беларускія вайскоўцы не бяруць ніякага ўдзелу ў апэрацыі на Данбасе.

«Ні для кога не зьяўляецца сакрэтам, што за апошнюю ноч, учорашні вечар становішча па перыметры заходніх і паўднёвых межаў Беларусі рэзка зьмянілася», — сказаў Лукашэнка. Ягоныя словы цытуе БелТА.

Таксама ён паведаміў, што сам папрасіў Пуціна пакінуць войскі ў Беларусі.

«Каб не было інсінуацый: падчас апошняй сустрэчы ў Маскве я асабіста прапанаваў Пуціну пакінуць некаторую колькасьць Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі на поўдні нашай Беларусі. Чаму? Мне ня сорамна пра гэта сказаць: мы не былі гатовыя прыкрыць паўднёвы напрамак у гэтай сытуацыі, паколькі ўкраінскія падраздзяленьні — вайсковыя, не памежныя — высунуліся да мяжы і пачалі праводзіць там манеўры. Мы гэта бачылі, але ў нас там ніколі не было войскаў. Таму я прапанаваў нейкую невялікую частку [расейскіх войскаў] пакінуць там на паўднёвых межах, пакуль мы сваімі Узброенымі сіламі не заменім іх».

Лукашэнка заявіў аб адсутнасьці для Беларусі якой-небудзь пагрозы

Лукашэнка заявіў, што для Беларусі сёньня няма ніякай пагрозы ні на адным напрамку.

«Ніякай панікі, абсалютна ніякай! Усе мерапрыемствы, якія заплянавалі, праводзім: і спартыўныя, і грамадска-палітычныя — усе мерапрыемствы. Ніякай сёньня пагрозы для краіны няма ні на адным напрамку, але мы пляны іх бачым і ведаем», — сказаў Лукашэнка.

Ён заявіў, што губэрнатары мусяць забясьпечыць «нармальны рытм эканомікі».

«Задача ваенных — зрабіць так, каб кожны беларус адчуваў сябе абароненым. І мы гэта зробім. Мы ўжо пачалі гэта рабіць. Урад, губэрнатары павінны забясьпечыць нармальны рытм эканомікі і апэратыўнае вырашэньне ўсіх жыцьцёвых пытаньняў грамадзян», - сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў пра магчымасьць прызнаньня так званых «ДНР» і «ЛНР»

«У нас гэтае пытаньне на парадку дня стаіць і ў неўзабаве мы зробім так, як будзе трэба нам і Расеі».

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG