Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Казахстану зьняў з пасады старшыні ЦВК сваяка Нурсултана Назарбаева


Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў
Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў

Сваяк Назарбаева Берык Імашаў вызвалены ад пасады старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Казахстану. Адпаведны ўказ прэзыдэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева апублікаваны 25 студзеня на сайце прэзыдэнта.

Былы міністар юстыцыі і памочнік прэзыдэнта Берык Імашаў займаў пасаду старшыні ЦВК Казахстану зь верасьня 2016 года. Новым кіраўніком ЦВК стаў былы сэнатар Нурлан Абдзіраў.

Берык Імашаў — сват старэйшай дачкі экс-прэзыдэнта краіны Нурсултана Назарбаева Дарыгі, паведамляе «Настоящее время». Яе сын Нуралі Аліеў — унук першага прэзыдэнта Казахстана — жанаты на дачцы Імашава Аідзе.

Падчас парлямэнцкіх выбараў у 2021 годзе ЦВК заяўляў, што ня бачыць канфлікту інтарэсаў і парушэньняў заканадаўства ў тым, што кіраўнік гэтага органа Імашаў і кандыдат у дэпутаты парлямэнта Дарыга Назарбаева — сваякі.

61-гадовы Імашаў да свайго прызначэньня на пасаду старшыні ЦВК некалькі гадоў працаваў міністрам юстыцыі Казахстана. У 2007-2008 гадах быў намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, сакратаром Рады бясьпекі, памочнікам прэзыдэнта Казахстана. Да 2012 года каля трох гадоў быў дэпутатам сэнату.

Пасьля масавых пратэстаў у Казахстане прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў зрабіў шэраг кадравых перастановак. Сваякі былога прэзыдэнта Назарбаева, а таксама набліжаныя да яго чыноўнікі сталі страчваць свае высокія пасады ў дзяржаўных структурах і нацыянальных кампаніях.

У ноч з 5 на 6 студзеня Такаеў звольніў Карыма Масімава — даўняга паплечніка Нурсултана Назарбаева — з пасады кіраўніка Камітэту нацыянальнай бясьпекі Казахстану. 8 студзеня яго затрымалі па справе аб дзяржаўнай здрадзе. 13 студзеня стала вядома, што Масімава падазраюць у спробе гвалтоўнага захопу ўлады.

Акрамя таго, Цімур Кулібаеў, муж сярэдняй дачкі Назарбаева, вырашыў сысьці з пасады кіраўніка нацыянальнай палаты прадпрымальнікаў «Атамекен».

Да гэтага ў адстаўку сышлі два іншых зяці Назарбаева — старшыня праўленьня кампаніі «КазТрансОйл» Дзімаш Дасанаў, жанаты на малодшай дачцэ экс-прэзідэнта Аліі, і старшыня праўленьня кампаніі «Казахгаз» Кайрат Шарыпбаеў, якога называюць мужам старэйшай дачкі Дарыгі.

  • Улады Казахстану спачатку заявілі, што на Алматы напалі «20 тысяч тэрарыстаў» (пасьля МУС удакладніла, што гаворка ідзе аб агульнай колькасьці ўдзельнікаў акцый пратэсту ў горадзе), нібыта падрыхтаваных за мяжой, у сувязі з чым Такаеў зьвярнуўся да блёку АДКБ з просьбай аб дапамозе. 10 студзеня на анлайн-саміте АДКБ Такаеў назваў падзеі ў краіне «спробай дзяржаўнага перавароту». Паводле яго слоў, «пад шырмай стыхійных пратэстаў разгарнулася хваля беспарадкаў, як па адзінай камандзе праявіліся рэлігійныя радыкалы, крымінальныя элемэнты, бандыты, марадзёры і дробныя хуліганы», а затым і «узброеныя баевікі, якія чакалі сваёй гадзіны». Як заявіў Такаеў, у беспарадках удзельнічалі і людзі з-за мяжы, якіх ён назваў тэрарыстамі. Пра якія канкрэтна замежныя краіны ідзе гаворка, ён не сказаў.
  • Родныя і блізкія забітых падчас беспарадкаў у Казахстане патрабуюць дбайнага разбору абставінаў іх гібелі. Паводле генэральнай пракуратуры краіны, у агульнай складанасьці падчас студзеньскіх пратэстаў загінула 225 чалавек, яшчэ 4,5 тысячы атрымалі раненьні. 18 студзеня міністарка аховы здароўя Казахстана Ажар Гініят паведаміла на брыфінгу аб сьмерці двух пацярпелых, якія знаходзіліся ў рэанімацыі. Такім чынам, афіцыйная папярэдняя колькасьць ахвяр узрасла да 227.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG