Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі забітага ў Рэчыцы Дзьмітрыя Ўсхопава пакінулі Беларусь


Дзьмітры Ўсхопаў
Дзьмітры Ўсхопаў

Выезд зь Беларусі адбыўся праз пагрозу крымінальнага перасьледу.

Сваякі Дзьмітрыя Ўсхопава цяпер за мяжой. Пра гэта паведаміў кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак.

Пабачыўшы цела Дзьмітрыя ў моргу, сваякі адкрыта заяўлялі журналістам пра тое, што яго забілі ў міліцыі. Перад пахаваньнем сілавікі затрымалі некалькіх сяброў Дзьмітрыя, завялі на іх крымінальную справу за захоўваньне наркотыкаў і напісалі, што ў крыві самога Ўсхопава, акрамя алькаголю, былі яшчэ сьляды марыхуаны.

У вэрсію міліцыянтаў сваякі не паверылі, кажучы, што гэта спроба міліцыі схаваць факт пабіцьця ў пастарунку і адвесьці ад сябе ўвагу.

У навагоднюю ноч у рэчыцкім шпіталі канстатавалі сьмерць 27-гадовага Дзьмітрыя Ўсхопава. Сваякі расказалі журналістам, што Дзьмітрыя затрымала міліцыя і пабіла. Сьледчы камітэт распаўсюдзіў заяву, што «сьмерць ня носіць траўматычнага характару».

«Дзімку даставілі ў РАУС. Там або дапытвалі і білі, або адзін раз ударылі ў галаву, або стрэлілі з пнэўматыкі, я дакладна ня ведаю, — расказала пасьля здарэньня журналістам сястра загінулага. — Ён страціў прытомнасьць у РАУС, яго там жа аблівалі вадой, спрабавалі рэанімаваць, нацельная саколка разарваная. У аддзяленьні ЦРБ яго прынялі ў стане комы.

Па словах тэрапэўта, спрабавалі яшчэ рэанімаваць адрэналінам і масажам сэрца, але час быў страчаны. Адправілі ў морг, а раніцай 01.01.2022 зрабілі па лжывай пастанове сьледчага тэрміновае ўскрыцьцё. У морг не пускалі. Прыехаў начальнік аддзяленьня судмэдэкспэртызы і выклікалі сьледчага, нам паказалі цела. На запясьцях рук і каленках відаць сінякі, на галаве круглая рана. Яму рабілі ўскрыцьцё чэрапна-мазгавой каробкі і брушной паражніны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG