Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне пох**, хочаце — хавайце, хочаце — не». Як сядзела Тацяна Батура, у якой падчас арышту памёр бацька


Камэра ЦІП на вуліцы Акрэсьціна ў Менску, фота праваабарончага цэнтру «Вясна», пазбаўленага рэгістрацыі

Мянчанку Тацяну Батуру затрымалі 15 лістапада, калі яна прыйшла на суд падтрымаць Вольгу Залатар. Дзяўчыну адпусьцілі праз паўтара месяца на пахаваньне бацькі. Яна зьбегла з краіны і расказала «Вясьне», што перажыла за гэты час зьбіцьцё, галадоўку, блашчыцаў і ШЫЗА.

Не хацелі адпускаць на пахаваньне бацькі

Тацяна Батура правяла ў ЦІП на Акрэсьціна 46 дзён. Яе тройчы судзілі і давалі па 15 содняў.

Тацяна Батура
Тацяна Батура

29 сьнежня ў Тацяны памёр бацька, які захварэў на каранавірус. Ёй спачатку адмовілі ў магчымасьці разьвітацца зь ім. Дзяўчыну ня вызвалілі і 30 сьнежня, калі меўся скончыцца ейны чарговы тэрмін арышту, бо яе «перазатрымалі і склалі на яе чарговы пратакол нібыта за «хуліганства».

«Вы не крычыце. Мне пох**, хочаце — хавайце, хочаце — не, ад мяне нічога не залежыць», — адказаў на просьбу маці адпусьціць дачку на пахаваньне адзін з супрацоўнікаў Фрунзенскага РУУС.

Аднак 31 сьнежня яе нечакана выпусьцілі на пахаваньне.

Чарговы суд над Батурай прызначылі на 3 студзеня. Яе завочна асудзілі на чарговыя 15 содняў арышту. Дзяўчына на той момант ужо ўцякла зь Беларусі, цяпер яна ў бясьпечным месцы.

У РУУС ударылі па твары за патрабаваньне адваката

Батура расказала, што ў дзень затрыманьня ў Фрунзэнскім РУУС яе зьбіў намесьнік начальніка РУУС Дзяніс Марцуль. Яна патрабавала выклікаць абаронцу, на што Марцуль сказаў: «вось табе, а не абаронца», і ўдарыў дзяўчыну ў твар паміж носам і скулай.

За сьпінай у яе стаяў мэталічны сэйф. Ад удару яна стукнулася аб яго патыліцай. Толькі празь дзень пасьля зьбіцьця дзяўчыну завезьлі ў паліклініку.

13 дзён трымала галадоўку

Дзяўчына адмаўлялася ад ежы цягам 13 дзён у ЦІПе. Афіцыйна галадоўку яна не абвяшчала, бо ёй пагражалі за гэта чарговым пратаколам. За час зьняволеньня яна схуднела на 8 кіляграмаў.

Да таго ж на Акрэсьціна яна падчапіла вошы. Падчас апошніх 15 содняў яе падсялілі ў камэру зь бяздомнымі, дзе яе моцна пакусалі блашчыцы.

20 дзён Батуру трымалі ў карцары. Нары ёй не адшпільвалі нават на ноч.

Участковы пагражаў «папалохаць бацькоў»

Адміністрацыйныя пратаколы на дзяўчыну складаў участковы Сяргей Дзяшко, ён жа «сустракаў» яе пасьля содняў зь ЦІПа.

Дзяшко пагражаў Батуры падчас першага перазатрыманьня двума месяцамі арышту. Ён выставіў дзяўчыне тры ўмовы:

  • «паказаць, што ёсьць у ейным тэлефоне»;
  • «адказаць на ўсе пытаньні мужчыны, які прыйдзе да яе пагутарыць»;
  • «прызнацца ў адміністрацыйным правапарушэньні».

Ён дадаў, што «інакш і дахаты прыйсьці можам, і бацькоў папалохаць».

Міліцыянты залілі вадой два тэлефоны дзяўчыны

Пасьля таго як на «Вясьне» апублікавалі падрабязнасьці затрыманьня Батуры, міліцыянты пагражалі дзяўчыне, што яна менавіта праз гэта атрымае чарговы арышт.

На час арышту ў Тацяны забралі два тэлефоны, а на выхадзе аддалі. Дома яна заўважыла, што тэлефоны залітыя вадой. Сілавікі ня здолелі зьняць зь іх паролі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG