34-гадовую мянчанку падазраюць у тым, што яна выманьвала грошы ў сваякоў зьняволеных, паведамляе МУС Беларусі.
Жанчына рэгістравалася ў сацсетках пад рознымі імёнамі і ўступала ў групы, у якіх камунікавалі сваякі падазраваных і асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў.
Яна прапаноўвала палепшыць умовы адбываньня пакараньня: больш мяккі прысуд, замену рэжыму, перавод у іншую папраўчую ўстанову. Затрыманая хвалілася знаёмствам з сілавікамі, хаця такіх сувязяў у яе не было.
Больш за 10 чалавек паверылі ёй і перадалі ёй агулам больш за 30 тысяч рублёў з 2017 году да вясны 2021 году. Раней жанчыну судзілі за гандаль людзьмі.