Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: Марфе Рабковай пагражае да 20 гадоў турмы па надуманых абвінавачаньнях


Марфа Рабкова. Архіўнае фота
Марфа Рабкова. Архіўнае фота

«Справа Марфы Рабковай наглядна паказвае жахі, зь якімі ў наш час сутыкаюцца праваабаронцы і наогул грамадзянская супольнасьць Беларусі».

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з заявай, у якой асудзіла прад’яўленьне новых абвінавачаньняў палітзьняволенай праваабаронцы Марфе Рабковай.

Марфе Рабковай, праваабаронцы і каардынатарцы валянтэрскай службы Праваабарончага цэнтру «Вясна», выставілі новыя абвінавачаньні паводле 11 крымінальных артыкулаў. Ёй пагражае да 20 гадоў зьняволеньня.

«Справа Марфы Рабковай наглядна паказвае жахі, зь якімі ў наш час сутыкаюцца праваабаронцы і наогул грамадзянская супольнасьць Беларусі. За апошнія паўтара года ўрад Аляксандра Лукашэнкі фактычна паставіў па-за законам усю праваабарончую супольнасьць краіны, зьняволіўшы ў турмах паводле надуманых абвінавачаньняў дзясяткі праваабаронцаў і закрыўшы велізарную колькасьць арганізацый грамадзянскай супольнасьці, а таксама адвольна затрымаўшы сотні мірных дэманстрантаў», — заявіла Мары Стразэрс, дырэктарка Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі.


Яна падкрэсьліла, што Марфе Рабковай пагражае да 20 гадоў турмы паводле «відавочна неабгрунтаваных і палітычна матываваных абвінавачаньняў, хоць яна толькі змагалася за выкананьне правоў чалавека ў сваёй краіне».

Мары Стразэрс заклікала беларускія ўлады «неадкладна і безумоўна вызваліць ня толькі Марфу Рабкову, але і ўсіх затрыманых ейных калегаў зь „Вясны“, а таксама іншых актывістаў, якіх працягваюць адвольна затрымліваць па ўсёй краіне».

Марфу Рабкову затрымалі 17 верасьня 2020 году. Акрамя яе, паводле расплывіста сфармуляваных абвінавачаньняў арыштавалі яшчэ 6 супрацоўнікаў «Вясны» (вядучая праваабарончая арганізацыя ў Беларусі, заснаваная ў 1996 годзе), дваіх ужо асудзілі да турэмнага зьняволеньня па выніках закрытых судовых працэсаў.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG