Відэа зьявілася ў афіцыйным тэлеграм-канале памежнага ведамства Беларусі.
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведамляе, што мігрантам не хапае ежы і вады, сярод іх цяжарныя жанчыны і немаўляты. Мігранты пераважна курдзкага паходжаньня знаходзяцца на беларускім баку мяжы.
Прэс-сакратарка Падляскага аддзелу Памежнай службы Польшчы Катажына Здановіч расказала журналістам пра апошнія навіны з польска-беларускага памежжа, побач з пераходам Брузгі – Кузьніца Беластоцкая.
Што яна паведаміла:
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда меў размову з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам і абяцаў трымаць Паўночна-атлянтычны альянс у курсе ўсіх спраў на памежжы зь Беларусьсю. NATO уважліва сочыць за сытуацыяй.
Енс Столтэнбэрг заявіў, што выкарыстаньне Беларусьсю мігрантаў — гібрыдная тактыка, якая зьяўляецца недапушчальнай. NATO салідарны з Польшчай і сваімі хаўрусьнікамі ў рэгіёне.
У беларускім Міністэрстве замежных спраў заявілі, што стаўленьне польскага боку да іншаземцаў, якія шукаюць прыстанішча і абароны, «стане чарговым тэстам і лякмусавай паперкай рэальнай прыхільнасьці афіцыйнай Варшавы прынцыпам міжнароднага права».
Таксама МЗС Беларусі засьцерагае Польшчу «ад выкарыстаньня любых правакацый для апраўданьня магчымых незаконных сілавых дзеяньняў у дачыненьні бяздольных бяззбройных людзей, сярод якіх шмат непаўналетніх дзяцей і жанчын».
Чаму беларускі бок не падтрымаў мігрантаў і не прапанаваў прыстанішча ў сваёй краіне, МЗС Беларусі не сказаў.
На мяжу прыбылі прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі і міністар нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак. У сваёй прамове перад памежнікамі, паліцыянтамі і вайскоўцамі Маравецкі заявіў, што ў гэты момант Польшча здае тэст на здольнасьць бараніць свае межы, адстойваць сваю незалежнасьць.
17 чалавек, пераважна грамадзян Іраку, затрымалі, паведаміла Памежная служба Польшчы. Таксама польскія службы выдалі мігрантам 85 пастановаў пра высылку з краіны. 6 чалавек за дзень затрымалі за спрыяньне нелегальнай міграцыі.
Беларускія сілавікі загадалі мігрантам ехаць ноччу ў Літву, піша delfi.lt.
Група мігрантаў налічвае прыкладна 500 чалавек, зьявілася і відэа іх знаходжаньня на літоўскай мяжы. Агулам да поўначы і пасьля літоўскім памежнікі прадухілілі звыш 150 спробаў пранікнуць на літоўскую тэрыторыю. Як сьцьвярджаюць у Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, беларускія памежнікі падзялілі мігрантаў на некалькі групаў, каб яны прарываліся празь мяжу з розных бакоў.
Таксама літоўскі бок паведаміў пра вялікую колькасьць беларускіх вайскоўцаў, што знаходзяцца непадалёк мігрантаў з сабакамі.
Да мяжы ідзе калёна беларускіх сілавікоў, паказана на відэа, зьнятым польскім Міністэрствам нацыянальнай абароны.
Пакуль невядома, адкуль яны.
Паліцыя Падляскага ваяводзтва паведаміла, што ноч на мяжы прайшла параўнальна спакойна. Адзіным інцыдэнтам стаў кінуты ў паліцэйскі аўтамабіль камень.