Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аэрапорце Кабулу загінулі людзі, — СМІ

Аэрапорт Кабулу, 16 жніўня
Аэрапорт Кабулу, 16 жніўня

Агенцтва Reuters са спасылкай на відавочцаў паведаміла ў панядзелак пра сама меней пяць загінулых у аэрапорце Кабула — на фоне панікі і хаосу, зьвязанага са спробамі тысяч людзей вылецець з Афганістану пасьля захопу сталіцы талібамі.

Людзі працягваюць зьбірацца ў кабульскім аэрапорце зь нядзелі. Паводле аднаго з амэрыканскіх афіцыйных прадстаўнікоў, вайскоўцы, задзейнічаныя ў апэрацыі па эвакуацыі з Афганістану супрацоўнікаў дыпмісіі ЗША і іншых грамадзян, былі вымушаныя страляць у паветра, каб перашкодзіць частцы тых, хто сабраўся пракрасьціся на борт вайсковага самалёта.

Адзін зь відавочцаў, які правёў у чаканні вылету звыш 20 гадзін, адзначыў, што прычына гібелі людзей у аэрапорце незразумелая — ці былі гэта кулявыя раненьні, ці наступствы цісканіны. Атрымаць камэнтары ад прадстаўнікоў Злучаных Штатаў аб сытуацыі пакуль не ўдалося.

Раней СМІ перадалі зьвесткі ад дыпляматаў ЗША, што ў аэрапорце Кабула была перастрэлка.

Reuters адзначае, што на адным са шматлікіх відэа ў сацсетках целы траіх загінулых ляжаць на зямлі каля аднаго з бакавых уваходаў у будынак аэравакзалу. Агенцтва адзначае пры гэтым, што ня можа пацьвердзіць сапраўднасць распаўсюджанага запісу. Адзін зь відавочцаў расказаў, што бачыў пяць целаў, якія пераносілі ў прыпаркаваную машыну.

ВВС, спасылаючыся на сьведак сытуацыі ў кабульскім аэрапорце, піша пра, прынамсі, двух загінулых зь ліку цывільных асоб.

Шэраг выданняў, у тым ліку Daily Mail, паведамілі ў панядзелак таксама пра траіх загінулых, якія спрабавалі зачапіцца за шасі самалёта, які адлятаў з Кабула, і сарваліся зь вялікай вышыні. У сацсетках распаўсюджваюцца відэа, на якіх відаць, як людзі спрабуюць замацавацца на самалёце, а таксама відэа меркаванага падзеньня. Іх сапраўднасць пакуль не пацьверджана.

  • Цяпер з кабульскага аэрапорту не выконваюцца пасажырскія рэйсы — палёты робяць толькі вайскова-транспартныя самалёты ЗША і іх саюзьнікаў. Тысячы афганцаў, тым ня менш, сабраліся ў аэрапорце, спрабуючы знайсьці магчымасці вылецець з краіны.
XS
SM
MD
LG