Дэканаідзэ, якая займала ў мінулым пасаду кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, спаслалася на інфармацыю ад афіцыйных крыніц у Менску.
Згаданы ёю дакумэнт прадугледжвае супрацоўніцтва па лініі спэцслужбаў у забесьпячэньні дзяржаўнай бясьпекі дзьвюх краін. У тым ліку, нароўні з барацьбой супраць кібэрзлачыннасьці, распаўсюджваньнем зброі масавага паражэньня, тэрарызму і карупцыі, пагадненьне прадугледжвае аказаньне апэратыўнага, тэхнічнага і іншага садзейнічаньня ў спыненьні злачынстваў супраць канстытуцыйнага ладу, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці.
Хація Дэканаідзэ і іншыя грузінскія апазыцыянэры перакананыя ў тым, што «ганебная», па іх словах, дамоўленасьць закліканая ўцягнуць Грузію ў рэпрэсіі, якія ажыцьцяўляюцца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі супраць сваіх апанэнтаў як у самой Беларусі, так і ў іншых краінах.
Лідэр партыі «Дроа» («Час, нарэшце!») Элене Хаштарыя абвінаваціла грузінскія ўлады ў «легітымацыі страшнага і незаконнага рэжыму Лукашэнкі», які, па словах Хаштарыі, ня толькі «адказны за катаваньні і забойствы апазыцыянэраў» у самой Беларусі, але згаданым пагадненьнем ужо «пагражае жыцьцю беларускіх апазыцыянэраў, якія шукаюць прытулку ў Грузіі».
Праваабаронца і сузаснавальніца грузінскай арганізацыі «Сапар» Байя Патару заклікала СБГ устрымацца ад перадачы Менску інфармацыі аб палітычных уцекачых зь Беларусі.
«У Грузіі знаходзіцца вялікая колькасьць беларусаў, у якіх амаль няма магчымасьцяў паехаць у іншую краіну. Грузія павінна быць бясьпечнай для палітычных уцекачоў і праваабаронцаў з Беларусі», — сказала яна ў камэнтары тэлеканалу «Мтавары».
Карэспандэнт Радыё Свабода Георгі Кабаладзе адзначае, што пагадненьне было падпісанае ў Менску, яшчэ ў 2016 годзе, але ўступіла ў сілу толькі 1 жніўня сёлета. Дырэктар дэпартамэнту прэсы і інфармацыі СДБ Грузіі Нуца Абашыдзэ паведаміла ў інтэрвію журналісту Радыё Свабода, што дакумэнт з грузінскага боку падпісаў тагачасны кіраўнік Службы Вахтанг Гамэлауры, які займае цяпер пасаду міністра ўнутраных спраў. «Пагадненьне ўступіла ў сілу толькі праз пяць гадоў, паколькі ўвесь гэты час праходзіла ўнутрыдзяржаўныя працэдуры», — патлумачыла афіцыйны прадстаўнік СДБ. Яна адпрэчыла абвінавачваньні апазыцыі аб магчымай экстрадыцыі ў Менск беларускіх апазыцыянэраў, якія жывуць у Грузіі адзначыўшы, што такія формы супрацоўніцтва «дамоўленасьцю не прадугледжаныя».
Тым часам, абнародаваньне інфармацыі аб уступленьні ў сілу пагадненьня паміж СДБ Грузіі і КДБ Беларусі выклікала вострую рэакцыю сярод эўрапейскіх палітыкаў. У прыватнасьці, дэпутат Эўрапарлямэнту Віёла Фон Краман назвала тое, што адбылося «небясьпечным выпадкам» і публічна задалася пытаньнем: «Чаму грузінскія ўлады імплемэнтуюць пагадненьне пяцігадовай даўнасьці ў момант, калі ўвесь сьвет спыніў супрацоўніцтва зь Беларусьсю?».
Абвінавачваньні ў сур’ёзных парушэньнях правоў чалавека афіцыйны Менск адкідае.
- Грузія і Беларусь усталявалі дыпляматычныя дачыненьні ў 1994 годзе. Адносіны паміж дзьвюма краінамі сталі імкліва разьвівацца пасьля 2015 году, калі Аляксандар Лукашэнка ўпершыню наведаў Тбілісі з афіцыйным візытам. Амбасада Грузіі функцыянуе ў Менску з 2008 году. У сьнежні 2016 году адкрылася амбасада Беларусі ў Тбілісі.
- Паміж краінамі дзейнічае бязьвізавы рэжым, з Батумі і Тбілісі Менск зьвязваюць прамыя авіярэйсы. Паводле дадзеных грузінскай Нацыянальнай адміністрацыі турызму, толькі ў ліпені сёлета зь Беларусі прыехала каля 10 тысяч турыстаў.