Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 29 ліпеня: 2 гады «хатняй хіміі» за абразу памочніцы пракурора


Валерыя Таратынка

У Беларусі надалей ідзе перасьлед грамадзян за выказваньне думкі і грамадзянскай пазыцыі. Шмат судоў нібыта за абразу чыноўнікаў і сілавікоў.

«Хатняя хімія» за абразу памочніцы пракурора

У судзе Першамайскага раёну Менску разглядзелі справу Дзьмітрыя Невяроўскага, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу).

Справу разглядаў судзьдзя Максім Трусевіч, бок дзяржаўнага абвінавачаньня падтрымліваў Худаешка.

Паводле матэрыялаў крымінальнага сьледзтва, Невяроўскі «пакінуў абразьлівы нецэнзурны камэнтар у тэлеграм-чаце „Каратели Беларуси“ пад фота старшай памочніцы пракурора Фрунзэнскага раёну Валерыі Таратынкі ў сувязі з выкананьнем ёю сваіх службовых абавязкаў, чым прынізіў яе гонар і годнасьць». Вядома, што Таратынка працуе ў пракуратуры з 2017 году.

7 сьнежня 2020 году ў адным з тэлеграм-каналаў разьмясьцілі фота і пэрсанальныя зьвесткі Таратынкі, у тым ліку сьведчаньні пра ейнае прыватнае жыцьцё. 15 студзеня 2021 году запіс прадублявалі ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси», дзе зьявілася мноства абразьлівых камэнтароў на адрас памочніцы пракурора, у тым ліку і ад Невяроўскага.

Абвінавачаны знаходзіўся на падпісцы аб нявыезьдзе і належных паводзінах, ён мае 3 групу інваліднасьці. У судзе абараняў сябе сам. Ён прызнаў віну, сказаўшы, што пакінуў камэнтар на эмоцыях. Пацярпелая вырашыла не заяўляць грамадзянскі пазоў для кампэнсацыі маральнай шкоды. Яна зрабіла гэта нібыта з прычыны інваліднасьці ў падсуднага.

У мужчыны правялі ператрус, падчас якога ў якасьці рэчавых доказаў сканфіскавалі палотнішча, бел-чырвона-белы сьцяг, два балёны з чырвонай фарбай, керамічны выраб і вокладку з выявамі гербу «Пагоня». Сьледзтва вырашыла, што гэта мае нейкае дачыненьне да ўчынку падсуднага.

Падчас спрэчак бакоў пракурор прасіў суд прызнаць Дзьмітрыя Невяроўскага вінаватым і пакараць яго 2 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хатняй хіміяй». Судзьдзя Трусевіч цалкам пагадзіўся з просьбай пракурора, у дадатак пастанавіўшы сканфіскаваць мабільны тэлефон як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства», а вынятыя пры ператрусе рэчы — зьнішчыць.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG