Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: гадавіна падзелу хрысьціянскай царквы


Сафійскі сабор у Полацку
Сафійскі сабор у Полацку

Падзеі 16 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

16 ліпеня 1054 году — папскія легаты абвясьцілі адлучэньне ад царквы канстантынопальскага патрыярха Міхаіла Керуларыя, а ён — легатаў. Гэтая дата лічыцца пачаткам Вялікай схізмы, якая падзяліла адзіную да таго часу хрысьціянскую царкву на дзьве часткі: каталіцкую і праваслаўную.

Таксама ў гэты дзень

1941 — Нямецкія войскі занялі Смаленск.

1945 — ЗША правялі першае пасьпяховае выпрабаваньне атамнай бомбы на палігоне ў штаце Нью-Мэксыка.

1951 — быў апублікаваны славуты раман «Лавец у жыце» амэрыканскага пісьменьніка Джэрома Сэлінджэра.

1990 — Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце.

1990 — Савет Міністраў БССР абвясьціў комплекс помнікаў гісторыі і культуры Полацку Полацкім гісторыка-культурным запаведнікам рэспубліканскага значэньня.

2005 — у Менску пачаўся ІV зьезд беларусаў сьвету.

У гэты дзень нарадзіліся

1863 — Ціхан Кібардзін, беларускі архітэктар. Пад яго кіраўніцтвам у 1890 і 1902 гадах былі распрацаваныя генэральныя пляны забудовы Віцебску.

1872 — Руаль Амундсэн, нарвэскі падарожнік.

Прадбачлівасьць і асьцярожнасьць аднолькава важныя: прадбачлівасьць — каб своечасова заўважыць цяжкасьці, а асьцярожнасьць — каб самым дбайным чынам падрыхтавацца да іх сустрэчы.

Руаль Амундсэн

1879 — Васіль Рагуля, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч.

1908 — Юрка Лявонны, беларускі паэт. Расстраляны савецкімі карнымі органамі ў 1938 годзе.

1968 — Лары Сэнгер, адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар Вікіпэдыі.

У памяці

1976 — Ян Станкевіч, беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзяяч.

Ня думаю, што кіраўніцтва Віленскай духоўнай сэмінарыі зьмяніла б сваю пастанову аб выключэньні навучэнца Янкі Станкевіча «за агрэсіўную беларускасьць», каб даведалася, што якраз гэты юнак некалі стане аўтарам першага ў гісторыі поўнага беларускага перакладу Бібліі (Нью-Ёрк, 1973).

Паміж разьвітаньнем з сэмінарыяй і пахавальнай працэсіяй у амэрыканскім Іст-Брансўіку былі знаёмства з Іванам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім і Максімам Гарэцкім, супрацоўніцтва з «Нашай Нівай», удзел у вырашальнай сэсіі Рады БНР 24–25 сакавіка 1918 году, абароненая ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе (адкуль ён прывёз у Вільню жонку, чэшку Марыю) доктарская дысэртацыя — дасьледаваньне Аль-Кітабаў, абраньне паслом у Польскі сойм (і, вядома, славутая віленская турма на Лукішках), стварэньне ў гады нямецкае акупацыі падпольнай Партыі беларускіх нацыяналістаў, выкладаньне гісторыі ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне, заснаваньне ў ЗША Вялікалітоўскай (Беларускай) Фундацыі імя Льва Сапегі, якой Станкевіч адпісаў усе свае грошы і маёмасьць, каб дапамагаць выдавецкай дзейнасьці й разьвіцьцю беларусазнаўства праз фундаваньне стыпэндыяў для студэнтаў і навукоўцаў.

У восемдзесят два гады ён нарэшце ўбачыў свой выдрукаваны, гістарычна першы поўны пераклад Сьвятога Пісаньня.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 308–309.

1985 — Генрых Бёль, нямецкі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

1989 — Гербэрт фон Караян, аўстрыйскі дырыжор.

1990 — Мікалай Арэхва, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, беларускі гісторык.​

2005 — Яніна Каханоўская, дзяячка беларускай эміграцыі ў ЗША, бабуля сьпевака Данчыка.

Яніна вучылася ўжо ў савецкай школе, але беларуская незалежніцкая атмасфэра ў сям’і зводзіла на нішто ўсе спробы ідэалягічных прышчэпак.

Апынуўшыся ўлетку 1950-га ў нью-ёрскім Гарлеме, Яніна ня ведала ні слова па-ангельску і мусіла зарабляць на жыцьцё цяжкай працай, але, паводле ейных словаў, тысячы кілямэтраў, што аддзялялі яе ад віжоў, арыштаў і начных расстрэлаў, былі больш чым дастатковаю кампэнсацыяй.

Напэўна, я яшчэ не сустракаў на сваім шляху жанчыны, якая ўмела б мацней за спадарыню Яніну любіць і шанаваць жыцьцё й цаніць усе яго вялікія й маленькія радасьці.

Яна мела багатае рамантычнае мінулае.

Яна сябравала з Натальляй Арсеньневай.

Яна любіла падарожнічаць і ўжо на дзясятым дзясятку наведала праскую кавярню «Чартоўка», пра якую вычытала ў маёй кнізе «Божая кароўка зь Пятай авэню».

Яе ўтульная маленькая кватэрка ў Іст-Віліджы выглядала сапраўдным музэем, а густоўна падабраная бібліятэка складалася з адных рарытэтаў, зь якіх мне засталіся на памяць прыжыцьцёвае парыскае выданьне ўспамінаў Івана Буніна і «Граскі дзёньнік» Галіны Кузьняцовай.

Яна добра малявала і зрабіла ілюстрацыі да некалькіх беларускіх кніжак. Найлепей у яе атрымліваліся вядзьмаркі — спакусьліва прыгожыя, іранічна-гарэзьлівыя й, напэўна, добрыя — такія, да якіх належала сама.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 544–545.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG