Пра гэта паведамляе польскі інфармацыйны рэсурс onet.pl, адзначаючы, што выцек гэтай карэспандэнцыі паказвае, як Маравецкі хацеў выкарыстаць сытуацыю ў Беларусі для сваіх палітычных мэтаў.
У прыватнасьці, у адным з электронных лістоў з узламанай скрынкі Дворчыка Маравецкі прадстаўляе ідэю запрашэньня тагачаснага дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо на саміт па Беларусі. Маравецкі таксама ўказвае на два аспэкты беларускай сытуацыі, выгадныя польскім уладам у дачыненьнях з апазыцыяй і былым прэм’ерам Польшчы Дональдам Тускам, а таксама з кааліцыйнай групоўкай, кіраванай міністрам юстыцыі Зьбігневам Зёбрам.
З выцеку электроннай карэспандэнцыі Маравецкага таксама вынікае, як адзначае onet.pl, што беларуская пасьлявыбарчая сытуацыя схіліла ўрад Маравецкага распрацаваць плян «Салідарныя зь Беларусьсю» (адна з працоўных назваў — «Плян прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага для Беларусі»), у якім знайшліся пункты пра падтрымку для рэпрэсаваных беларусаў, стыпэндыяльную праграму для студэнтаў і навукоўцаў, а таксама спрыяньне ўезду на тэрыторыю Польшчы і дапамога незалежным СМІ, напрыклад «Белсату», «Хартыі-97» і «Радыё Рацыя».
Скандал з выцекам карэспандэнцыі з прыватнай электроннай паштовай скрынкі Міхала Дворчыка ўспыхнуў у Польшчы ў пачатку чэрвеня, калі ў сеціве пачалі зьяўляцца скрыншоты, якія паказваюць меркаваную перапіску з паштовай скрынкі Дворчыка з прэмʼер-міністрам і іншымі ўрадавымі чыноўнікамі.
Ярослаў Качыньскі, віцэ-прэм’ер Польшчы, кіраўнік Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і лідэр кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць», абвінаваціў Расею ў маштабнай кібэратацы, ад якой пацярпелі палітыкі розных узроўняў.
«Кібэратаку зазналі найбольш важныя афіцыйныя асобы Польшчы, міністры і дэпутаты розных палітычных поглядаў», — заявіў Качыньскі 18 чэрвеня.
Апазыцыя зьвярнула ўвагу, што, нягледзячы на прыватныя адрасы электроннай пошты, там уздымаюцца тэмы, зьвязаныя з функцыянаваньнем дзяржавы, у тым ліку пра ўзбраеньне польскай арміі, якія раскрываюць падрабязнасьці перамоваў зь іншымі краінамі ў галіне абароны.