Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай асудзіў санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі


Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін падчас сустрэчы ў Пэкіне. 16 траўня 2017
Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін падчас сустрэчы ў Пэкіне. 16 траўня 2017

Кітайскія ўлады выказаліся «рашуча супраць чарговага пакету аднабаковых санкцыяў Эўразьвязу супраць Беларусі».

Пра гэта паведаміў у аўторак афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Чжао Ліцзянь.

Яго словы прыводзіць расейскае агенцтва ТАСС.

«Мы рашуча супраць таго, каб у міжнародных адносінах выкарыстоўваліся пагрозы і аднабаковыя санкцыі, Кітай супраць умяшаньня зьнешніх сілаў ва ўнутраныя справы Беларусі», — падкрэсьліў на рэгулярным брыфінгу прадстаўнік МЗС КНР.

Паводле кітайскага дыплямата, ЭЗ павінен праявіць павагу да сувэрэнітэту Беларусі і спэцыфікі яе сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. «Мы верым, што беларускі народ здольны ўласнымі намаганьнямі забясьпечыць палітычную і сацыяльную стабільнасьць ва ўласнай краіне. Спадзяёмся, што міжнародная супольнасьць адыграе на гэтым фоне сваю канструктыўную ролю», — падсумаваў ён.

Рада ЭЗ на ўзроўні кіраўнікоў МЗС у панядзелак дасягнула пагадненьня аб увядзеньні 4-га пакету санкцыяў. Як удакладніў кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль, абмеркаваньне накіраваных адносна Беларусі эканамічных санкцыяў працягнецца на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў Зьвязу 24–25 чэрвеня, а зацьвярджэньне адбудзецца пасьля завяршэньня саміту.

Чацьвёрты пакет эўрапейскіх санкцый супраць Беларусі закрануў 86 фізычных і юрыдычных асоб. Ён пачаў рыхтавацца яшчэ на пачатку году, аднак пытаньне аб ужываньні перайшло ў практычную плоскасьць толькі пасьля інцыдэнту з пасадкай у аэрапорце Менску самалёта Ryanair і арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG