Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ратамцы пад Менскам гарэў цэнтар коннага спорту. ФОТА і ВІДЭА

абноўлена

1 чэрвеня каля 13-й гадзіны ўспыхнуў пажар на стайнях Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі.

Цэнтар знаходзіцца ў мястэчку Ратамцы пад Менскам і зьяўляецца найвядомейшым у Беларусі ў сваім профілі. Агромністы слуп чорнага дыму было відаць за некалькі кілямэтраў ад пажару.

Здарэньне пацьвердзілі ў Міністэрстве надзвычайных сытуацыяй. Полымя з аднаго будынку стайні перакінулася на другі, але роботнікі цэнтру і ратавальнікі апэратыўна здолелі вывесьці коней у бясьпечнае месца.

Пажар у цэнтры коннага спорту і конегадоўлі, Ратамка, Менскі раён, 1 чэрвеня 2021
Пажар у цэнтры коннага спорту і конегадоўлі, Ратамка, Менскі раён, 1 чэрвеня 2021

У 13:30 пажар ліквідавалі.

Узгараньне адбылося за 15 хвілін. Коней у стайні было 40-50 — іх адразу вывелі: выпускалі і адразу зачынялі за імі дзьверы, каб ня беглі назад. Палову коней ужо разьвезьлі на іншыя стайні, паведамляе «Наша Ніва» пасьля размовы зь відавочцам пажару. Таксама ратавальнікі вынесьлі з будынка кацяня.

Пацярпелых сярод людзей таксама няма. Тушэньне пажару працягвалася прыкладна паўгадзіны.

Сьледчы камітэт напісаў, што разьбіраецца ў абставінах здарэньня. Ужо ёсьць папярэдняя вэрсія пачатку пажару. Высьветлілася, што конюх з уласнай ініцыятывы выконваў работы пры дапамозе пілы-баўгаркі, іскра магла трапіць на сена, а пасьля адбылося ўзгараньне даху стайні, у якой у гэты момант былі коні. Дзякуючы зладжаным дзеяньням відавочцаў і работнікаў прадпрыемства жывёлы не пацярпелі.

XS
SM
MD
LG