Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню за тры дні зьявілася навіна пра Юлію Чарняўскую: зь ёю праводзяць сьледчыя дзеяньні


Юлія Чарняўская, архіўнае фота
Юлія Чарняўская, архіўнае фота

Сваякі Юліі Чарняўскай 20 траўня падалі заяву ў КДБ: ад 18 траўня не было ніякай інфармацыі, дзе яна.

Сёньня дачка Юліі Чарняўскай Яўгенія напісала ў фэйсбуку, што адвакат атрымаў званок ад супрацоўнікаў ДФР, што цяпер над ёй будуць адбывацца сьледчыя дзеяньні (верагодна, допыт).

Адвакат зайшоў на сустрэчу. Дзе менавіта яна праходзіць і што адбываецца, невядома.

Юлія Чарняўская перастала выходзіць на сувязь з блізкімі раніцай 18 траўня, у дзень ператрусаў у офісе Tut.by і затрыманьня топ-мэнэджараў і супрацоўнікаў кампаніі. У той жа дзень яе бачылі ў кардыялягічным аддзяленьні 1-й лякарні ў Менску. Яна перанесла гіпэртанічны крыз, мэдыкі аказалі ёй дапамогу. Увесь гэты час побач знаходзіўся апэратыўнік. Пазьней у прыёмным пакоі адказалі, што Юлію Чарняўскую адпусьцілі дадому, аднак туды яна не вярнулася.

Юлія Чарняўская не зьяўляецца ўласьніцай Tut.by, найбольшы пакет акцый кампаніі мае яе дачка Яўгенія.

Яўгенія не выключала, што маці знаходзіцца ў СІЗА КДБ, але там адвакату адмовіліся даць хоць якую інфармацыю.

Маці Юліі Аляксандра Чарняўская 20 траўня падала заяву ў КДБ: просіць паведаміць, ці затрымалі яе дачку. Паводле закону, у выпадку затрыманьня чалавека ягоных блізкіх павінны праінфармаваць цягам 12 гадзін. Паралельна Аляксандра Чарняўская просіць у выпадку, калі Юлія не затрыманая, ініцыяваць яе вышук як зьніклай.

Адвакатка Юліі Чарняўскай накіравала апавяшчэньне ва ўсе сьледчыя органы аб неабходнасьці забясьпечыць магчымасьць зносінаў з падабароннай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG