Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і штрафы 18 траўня: 10 сутак за песьню «Муры», 5800 рублёў штрафу за кветкі да месца гібелі Тарайкоўскага


Алена Радзькова
Алена Радзькова

Судзяць лекарку за кветкі ля мэмарыялу Тарайкоўскага

56-гадовая лекарка-кардыёляг Вольга Карнеева 16 траўня ўсклала кветкі да народнага мэмарыялу Аляксандра Тарайкоўскага ў Менску. У гэты момант пад’ехаў бус, адкуль выйшлі сем супрацоўнікаў АМАП, адзін здымаў усё на відэа. Чацьвёра супрацоўнікаў яе затрымлівалі, паведамляе «Вясна».

Жанчыну даставілі ў Фрунзэнскае РУУС і склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне па арт. 24.23 КаАП. 17 траўня справу разглядала судзьдзя Марыя Ярохіна.

Сваю віну Вольга Карнеева не прызнала. Патлумачыла, што праходзіла міма і пабачыла, што мала кветак, таму спусьцілася ў пераход і купіла букет. Дадала, што гэта старажытная славянская духоўная традыцыя — класьці кветкі на месца гібелі чалавека.

Судзьдзя Ярохіна ўдакладніла, ці знаходзіцца на станцыі мэтро «Пушкінская» якое-небудзь пахаваньне. Абвінавачаная нагадала, што на тым месцы загінуў чалавек.

Вольга Карнеева таксама заявіла, што сьведка-міліцыянт, які прыйшоў у суд, ня браў удзел у яе затрыманьні, бо схапілі яе амапаўцы. Нягледзячы на гэта, праваахоўнік пачаў запэўніваць, што, акрамя ўскладаньня кветак, Вольга Карнеева яшчэ ўздымала руку ўверх, каб прыцягнуць увагу кіроўцаў.

Судзьдзя вырашыла зрабіць у справе Вольгі Карнеевай перапынак да 18 траўня, а сёння пакарала яе штрафам 200 базавых (5800 рублёў).

У Наваполацку затрымалі давераную асобу Ціханоўскай

Навапалачанку Алену Радзькову затрымалі ў панядзелак, калі яна вяла дзіця ў садок. Дзе цяпер яна знаходзіцца, невядома. У ізалятарах часовага ўтрымання Полацку і Наваполацку адказваюць, што яе там няма, паведамляе «Белсат».

Разам з жанчынай затрымалі валянтэра Артура Сінегу, хворага на анкалёгію. Ён знаходзіцца ў ізалятары ў Полацку.

У ліпені 2020 году Алена Радзькова пасьля ўдзелу ў стрымах Сяргея Ціханоўскага на канале «Страна для жизни» страціла працу: з супрацоўніцай інтэрнату № 3 на наваполацкім аб’яднаньні «Нафтан» спынілі працоўны кантракт. Летась 1 красавіка быў стрым з Полацку, а 29 красавіка блогер сустракаўся з жыхарамі Наваполацку на галоўнай плошчы гораду.

Жанчыне далі 10 сутак за песьню «Муры» ў пераходзе

16 траўня каля 19:00 затрымалі 41-гадовую Алену Гаўрылаву ў пераходзе каля Камароўскага рынку. Супрацоўнікі міліцыі расцанілі сьпяваньне песьні «Муры» як несанкцыянаванае культурна-відовішчнае масавае мерапрыемства, за якое на жанчыну склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП, пішуць праваабаронцы.

18 траўня ў судзе Савецкага раёну судзьдзя Сяргей Шаціла разглядаў справу Алены Гаўрылавай. Яна патлумачыла, што ў той дзень спявала розныя песьні, сярод якіх была і песня «Муры» — менавіта яна стала прычынай затрыманьня. Судзьдзя Шаціла пацікавіўся, што яна азначае. Алена адказала, што гэтая песня пра «каталёнскага музыку: ён сьпяваў, а людзі паўтаралі яго песьні». Але сьведка-міліцыянт не пагадзіўся і заявіў, што песьня носіць палітычны характар.

Судзьдзя Шаціла палічыў віну Гаўрылавай цалкам даказанай, а сьпяваньне песьні «Муры» — несанкцыянаваным культурным мерапрыемствам. Вырак — 10 дзён арышту.

На жыхара Рэчыцы склалі пратакол за фота з афіцыйнага сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР

Здымак на фоне нацыянальных сьцягоў 25 сакавіка 2018 года ля Опэрнага тэатру ў Менску ўчастковы палічыў адзіночным пікетаваньнем.

Як паведамляе «Палеская вясна», 16 траўня да Аляксандра Рыбчанкова прыйшоў участковы міліцыянт Багдан Ніслоўскі. Маўляў, у РАУС зь Міністэрства ўнутраных справаў прыйшла папера, згодна якой паступіў «ананімны данос» за подпісам «Роман Винни-Пух». Невядомы паведаміў, што знайшоў у сацсетцы «Однаклассники» здымак з выявай бел-чырвона-белых сьцягоў.

Аляксандар Рыбчанкоў патлумачыў, што фота зробленае тры гады таму на афіцыйна дазволеным мерапрыемстве, якое праходзіла ў Менску ў гонар 100-годзьдзя заснаваньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Ніякага дачыненьня да леташніх альбо сёлетніх пратэстаў здымак ня мае.

Тым ня менш, участковы склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, прыйшоўшы да высновы, што «26.04.2021 году грамадзянін Рыбчанкоў з мэтай публічнага выказваньня сваіх грамадзка-палітычных інтарэсаў правёў адзіночнае пікетаваньне шляхам разьмяшчэньня фота ў профілі сеткі «Одноклассники» з выявай сьцяга бел-чырвона-белай расфарбоўкі, на правядзеньне якога ня быў атрыманы адпаведны дазвол Рэчыцкага райвыканкаму.

«Гэтае фота я разьмясьціў яшчэ ў 2018 годзе, а не 26 красавіка 2021-га, як напісаў міліцыянт у пратаколе. Дата добра бачная пад фота. Аказваецца цяпер нават запіс трохгадовай даўніны ўлады лічаць несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам. Цяжка ўявіць, да якога яшчэ маразму могуць дадумацца тыя, хто паўсюль шукае ворагаў», — адрэагаваў на сытуацыю Аляксандар Рыбчанкоў.

Кіраўнік Рэчыцкай філіі цэнтру «Вясна» Валер Пуціцкі называе складаньне пратаколу за фота ў сацсетцы, ды яшчэ і з санкцыянаванага мерапрыемства надзвычай паказальным — гэта яскрава ілюструе цяперашні стан прававой сыстэмы ў краіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG