«Ільназ Галявіеў на ўліках у дактароў — псыхіятра і нарколяга — не знаходзіўся. Аднак, як высьветлілася, ён раней неаднаразова зьвяртаўся па мэдычную дапамогу ў сувязі з моцнымі галаўнымі болямі. Яшчэ летась у сувязі са зваротамі ў адну з мэдустановаў яму быў пастаўлены дыягназ, які сьведчыць пра захворваньне галаўнога мозгу. Ад пачатку бягучага году блізкія таксама адзначалі агрэсіўнасьць і запальчывасьць у ягоных паводзінах. Ягоны бягучы стан характарызуецца неадэкватнымі паводзінамі, што на дадзены момант перашкаджае паўнавартаснаму правядзеньню сьледчых дзеяньняў зь ім», — цытуе «Настоящее время» паведамленьне Сьледчага камітэту Расеі.
Упаўнаважаная ў правах дзіцяці ў Татарстане Ірына Валынец сказала ТАСС, што Галявіеў раней не знаходзіўся на ўліку ў паліцыі ці сацыяльных службах.
Паводле яе, сямʼя Галявіева ніколі не трапляла ў зону ўвагі праваахоўных ці сацыяльных службаў, скаргаў на іх не паступала. «Па месцы вучобы характарызуюць, што ён быў дастаткова ўраўнаважаным, ветлівым хлопчыкам, ахайным, то бок звычайны студэнт», — дадала яна.
Сёньня суд у Казані арыштаваў Галявіева на два месяцы. Яму прад'яўлена абвінавачваньне па артыкуле аб забойстве дзьвюх і болей асобаў. Стралку пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне. Падчас судовага паседжаньня Галявіеў заявіў, што «абсалютна ўпэўнены ў справядлівасьці і абгрунтаванасьці сваіх дзеяньняў», цяжкіх захворваньняў ня мае і не пярэчыць супраць свайго зьняволеньня. Пры гэтым, са слоў сьледчага, які вядзе справу аб масавым забойстве, абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну.
У сваю чаргу, тэлеграм-канал Baza паведамляе, што ад моманту затрыманьня Галявіеў адмаўляецца ад ежы, але ніякіх патрабаваньняў не вылучае.
- У выніку страляніны 11 траўня ў казанскай гімназіі № 175 загінулі дзевяць чалавек — сем школьнікаў і дзьве настаўніцы. Яшчэ 23 чалавекі пацярпелі, дваццаць дзяцей і трое дарослых, усе яны цяпер у шпіталях.
- Паводле МУС, нападнік — 19-гадовы Ільназ Галявіеў. Яго затрымалі. Сьледчы камітэт РФ па Рэспубліцы Татарстан пачаў крымінальную справу паводле часткі 2 арт. 105 Крымінальнага кодэксу РФ — «Забойства».
- Паводле Сьледчага камітэту РФ, па месцы жыхарства падазраванага правялі ператрус, канфіскавалі і далучылі да справы рэчавыя доказы. Апыталі больш за 75 чалавек, вывучылі відэазапісы з камэраў вонкавага і ўнутранага назіраньня. Прызначылі звыш 30 судовых экспэртызаў.
- У Татарстане хаваюць загінулых падчас страляніны. У рэспубліцы 12 траўня зачынілі ўсе школы, абвясьцілі жалобу.