Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лізавету Кірыенку, якую арыштавалі за лямпадку каля віцебскага храму, ня выпусьцілі пасьля 10 сутак у ізалятары

Шахматныя фігуркі з хлебнага мякішу, зробленыя вязьнямі ў ізалятары. Ілюстрацыйнае фота.
Шахматныя фігуркі з хлебнага мякішу, зробленыя вязьнямі ў ізалятары. Ілюстрацыйнае фота.

Адвакат дзяўчыны паведаміў, што зь невядомай прычыны Лізавету затрымалі яшчэ на 72 гадзіны.

23-гадовая Лізавета Кірыенка 6 траўня ня выйшла на волю зь віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня. Маці затрыманай у ІЧУ паведамілі, што ня выпусьцяць яе дачку, піша «Віцебская Вясна».

Паводле інфармацыі мамы Лізаветы Сьвятланы, якая зьбіралася сустрэць дачку на выхадзе зь ізалятару, дзяўчыну затрымалі яшчэ на трое сутак. Гэта пацьвердзіў адвакат Лізаветы. Зь якой прычыны Кірыенку будуць трымаць яшчэ 72 гадзіны ў ІЧУ, невядома.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў мяркуе, што дзяўчыну маглі затрымаць у новай адміністрацыйнай справе, аднак не выключае і варыянт завядзеньня на яе нейкай крымінальнай справы.

Лізавету Кірыенку затрымалі ў Віцебску ўвечары 26 красавіка разам з Марыяй Амасовіч. У дзень чарнобыльскай трагедыі на прыступках Уваскрасенскага храму яны запалілі дзьве чырвоныя лямпадкі. Судзьдзя Ўладзімер Царыкаў палічыў гэта несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам (арт. 24.23 КаАП) і прысудзіў Лізавеце 10 сутак адміністрацыйнага арышту, а Марыі — 20 сутак.

Лізавета Кірыенка працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. Пасьля затрыманьня ў кватэры, якую яна здымае ў Віцебску, прайшоў ператрус.

XS
SM
MD
LG