Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Парыжы грамадзяніна Беларусі асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне за забойства дзевяці французаў


Івуарыйскі Су-25 пасьля ўдару ў адказ івуарыйскіх вайскова-паветраных сілаў у 2004 годзе
Івуарыйскі Су-25 пасьля ўдару ў адказ івуарыйскіх вайскова-паветраных сілаў у 2004 годзе

Суд у Парыжы завочна асудзіў на пажыцьцёвае зьняволеньня беларускага грамадзяніна Юрыя Сушкіна за забойства дзевяці францускіх міратворцаў.

Беларускі лётчык кіраваў штурмавіком Су-25 урадавых сіл Кот-д'Івуару падчас грамадзянскай вайны. Ён нанёс ракетна-бомбавы ўдар па францускай вайсковай базе ў лістападзе 2004 году.

Судовы працэс цягнуўся тры тыдні і скончыўся 15 красавіка. Завочны прысуд вынесены Сушкіну і двум афіцэрам івуарыйскіх вайскова-паветраных сілаў. Іх прызналі вінаватымі ў нанясеньні ўдару па вайскоўцах у горадзе Буаке. Тады загінулі дзесяць чалавек – дзевяць францускіх міратворцаў і амэрыканскі супрацоўнік гуманітарнай місіі, 38 чалавек атрымалі раненьні.

Празь некалькі гадзін францускія вайскова-паветраныя сілы на загад прэзыдэнта Францыі Жака Шырака зрабілі налёт на аэрапорт сталіцы Кот-дʼІвуару Ямусукра і зьнішчылі ўсю вайсковую авіяцыю краіны. У яе ўваходзілі і два набытых у беларускім войску штурмавікі, якімі кіравалі зьмяшаныя экіпажы з івуарыйских афіцэраў і наймітаў з былога СССР.

У ходзе судовага разгляду паказаньні давалі больш за 90 сьведак, у тым ліку – былая міністарка абароны Францыі Мішэль Алія-Мары, былыя кіраўнікі МЗС і МУС Мішэль Барні і Дамінік дэ Вільпэн, былы начальнік службы зьнешняй выведкі краіны, камандуючы міратворчай апэрацыяй «Аднарог» і камандзір францускай базы ў Буаке, паведамляе Міжнароднае францускае радыё.

Аднак сьледзтву так і не ўдалося даведацца імя другога пілёта-найміта, высьветліць, хто загадаў нанесьці ўдар па базе і чаму францускія вайскоўцы адпусьцілі без прадʼяўленьня абвінавачваньняў групу з васьмі грамадзян Беларусі, у тым ліку Сушкіна, якіх затрымалі празь некалькі дзён пасьля інцыдэнту. Дзе ён знаходзіцца цяпер – сьледзтва і суд у Парыжы ня ведаюць.

Паводле вэрсіі францускага боку, авіяўдар быў справакаваны нацыяналістычным асяродзьдзем прэзыдэнта Кот-дʼІвуару Лярана Гбагбо, каб вымусіць французаў пакінуць сваю былую калёнію. У ходзе канфлікту ўлады краіны абвінавачвалі Парыж у ваенным уварваньні і патрабавалі вываду міратворцаў.

Сам палітык віну ўраду за інцыдэнт адмаўляе. Ён стаў першым у гісторыі кіраўніком дзяржавы, які паўстаў перад Міжнародным крымінальным судом за злачынствы супраць чалавецтва. У паказаньнях сьледзтву ён заявіў, што ўдар быў справакаваны Парыжам, каб адхіліць яго ад улады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG