Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Левада-цэнтар»: словы Байдэна пра Пуціна абурылі траціну расейцаў


Джо Байдэн і Ўладзімір Пуцін

Толькі траціну расейцаў абурыла выказваньне прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, які назваў прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна «забойцам». 34% сказалі, што гэта ня выклікала ў іх «ніякіх асаблівых пачуцьцяў», 23% рэспандэнтаў паставіліся да словаў Байдэна са зьдзіўленьнем, а 3% выказалі задавальненьне.

Гэта вынікае з сакавіцкага апытаньня «Левада-цэнтру».

17 сакавіка ў этэр выйшла інтэрвію прэзыдэнта ЗША Байдэна. У ім амэрыканскі прэзыдэнт станоўча адказаў на пытаньне журналіста тэлекампаніі ABC, ці лічыць ён прэзыдэнта Расеі Пуціна «забойцам».

На наступны дзень Пуцін адказаў Байдэну дзіцячай прымаўкай «Хто як абзываецца, той так і называецца» і пажадаў прэзыдэнту ЗША здароўя. Расейскі прэзыдэнт таксама запрасіў Байдэна ў бліжэйшым часе пагутарыць. Прэзыдэнт ЗША адказаў, што «ў свой час» пагаворыць з Пуціным.

Пасьля выказваньня Байдэна ў Маскву для кансультацыяў выклікалі амбасадара РФ у ЗША Анатоля Антонава. Як паведаміў РИА «Новости» намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Сяргей Рабкоў, у бліжэйшым часе вяртаньне Антонава ў Вашынгтон не чакаецца. Масква чакае ад ЗША хоць якіх-небудзь крокаў для нармалізацыі адносінаў.

Разам з тым, як адзначаюць сацыёлягі «Левада-цэнтру», выказваньні Байдэна пра Пуціна ніяк не адбіліся на адносінах расейцаў да ЗША: 40% апытаных сказалі, што ставяцца да ЗША добра, 42% — кепска. У студзені так адказалі 40% і 43% рэспандэнтаў адпаведна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG