Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 15-я гадавіна беларускай Плошчы-2006


Плошча-2006
Плошча-2006

Падзеі 19 сакавіка ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

19 сакавіка 1895 году нарадзіўся Тамаш Грыб, палітык, публіцыст, удзельнік нацыянальна-вызвольнага й сацыялістычнага руху пач. ХХ ст., дзяяч даваеннай эміграцыі ў Літве й Чэхаславаччыне.

Тамаш Грыб
Тамаш Грыб

Адзін зь ягоных біёграфаў назваў Тамаша Грыба рыцарам беларускай свабоды. І сапраўды, Тамаш ня проста шчасьліва адчуў яе жыцьцядайны подых, але быў сярод тых, хто закладаў шлях Беларусі ў будучыню.

Дэлегат Першага Ўсебеларускага зьезду, на які прыяжджае з фронту. Народны сакратар земляробства ў першым урадзе БНР. Выдавец віленскай газэты «Грамадзянін», на старонках якой змагаўся супраць манапалізацыі сацыялістычнай ідэі адной партыяй. Стваральнік Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. Вязень польскіх турмаў.

На пачатку 1920-х ён зьявіўся на вуліцах Златай Прагі — прыехаў вучыцца, яшчэ не здагадваючыся, што тут яму наканавана застацца да канца дзён.

У Карлавым унівэрсытэце, дзе беларусы здабывалі адукацыю яшчэ з часоў Сярэднявечча, Грыб абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Пытаньне народу і нацыі» і стаў у нашай эміграцыі адным зь лідэраў.

Адрозна ад шмат каго з нацыянальных дзеячаў, ён пасьлядоўна выступаў супраць выезду ў БССР, дзе ўсе вяртанцы чамусьці хутка зьнікалі.

«Пакіньце займацца дурніцай», — ляпідарна адказаў ён на запрашэньне ўзяць у 1926 годзе ўдзел у ладжанай Інбелкультам менскай Акадэмічнай правапіснай канфэрэнцыі, адкуль, да прыкладу, ужо ня здолеў купіць білет дадому ў Вільню Францішак Аляхновіч.

У апошнія гады свайго кароткага жыцьця Тамаш зблізіўся зь лідэрам расейскіх эсэраў Віктарам Чарновым.

Легендарны рэвалюцыянэр прызнаваўся, што мяноўна беларус Грыб дапамог яму асэнсаваць ці не найістотнейшую памылку ўсяго расейскага эсэраўскага руху — няздольнасьць убачыць іншыя народы імпэрыі.

Там, у Празе, Тамаш Грыб пісаў: «Я або прыеду ў Менск як вольны грамадзянін, або назаўсёды застануся эмігрантам. Можа быць, хто-небудзь найдзе мае каштоўныя рукапісы... Працую для будучых пакаленьняў».

Аднаго з братоў маёй мамы звалі Тамаш. Магчыма, некалі так назавуць майго ўнука — прадстаўніка тых самых будучых пакаленьняў, пра якія ў дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя марыў Тамаш Грыб.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 174–175.

Таксама ў гэты дзень

1917 — Часовы ўрад Расеі вызнаў незалежнасьць Фінляндыі.

1918 — Рада БНР прыняла палажэньне аб вярхоўнай уладзе БНР. Абвяшчалася, што ніводзін закон ня будзе мець сілы без зацьвярджэньня яго Радай.

1958 — адкрыцьцё першага пасяджэньня Эўрапарлямэнту.

Заля пленарных пасяджэньняў Эўрапарлямэнту
Заля пленарных пасяджэньняў Эўрапарлямэнту

1982 — пачатак Фолклэндзкага канфлікту паміж Аргентынай і Вялікай Брытаніяй.

1992 — Вярхоўны Савет Беларусі прыняў пастанову аб стварэньні самастойных узброеных сілаў краіны.

2003 — пачатак вайны ў Іраку.

Марская пяхота ЗША пераходзіць мяжу з Іракам, сакавік 2003
Марская пяхота ЗША пераходзіць мяжу з Іракам, сакавік 2003

2006 — трэція прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, уладу захаваў Аляксандар Лукашэнка, пачатак масавых пратэстаў, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «Плошча».

У гэты дзень нарадзіліся

1612 — Соф’я Слуцкая, княгіня, праваслаўная дзяячка.

1921 — Язэп Юхо , беларускі правазнаўца, гісторык права.

Прафэсар Юхо абвяргаў высновы польскіх ды савецкіх гісторыкаў адносна Крэўскай і Люблінскай вуніяў і казаў пра канфэдэрацыйны лад Рэчы Паспалітай, у якой дзяржава нашых продкаў — Вялікае Княства Літоўскае — мела столькі сувэрэнітэту, колькі Беларускай ССР у «братняй сям’і саюзных савецкіх рэспублік» і ня сьнілася.

Юхо стаў заснавальнікам навуковай школы вывучэньня гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Менавіта ён першым пачаў тады дасьледаваць жыцьцё й дзейнасьць Тадэвуша Касьцюшкі і ў выніку сваімі артыкуламі і кнігаю «За вольнасьць нашу і вашу» (1989) вярнуў імя паўстанцкага правадыра ў гістарычную памяць беларусаў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 518–519.

1931 — Генадзь Кісялёў , беларускі літаратуразнаўца.

Генадзь Кісялёў
Генадзь Кісялёў

Дзьве кнігі асьвятлялі мой шлях у нацыянальны космас — раман «Каласы пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча і томік гістарычных нарысаў «З думай пра Беларусь» Генадзя Кісялёва.

Насупор лекцыям на нашым гістфаку БДУ тыя кнігі сьцьвярджалі крамолу: гісторыю робіць не народ, а — асобы. І калі ў Караткевіча гэта былі літаратурныя пэрсанажы, якія дарасталі да будучых дзеяў, то з старонак Кісялёва да нас прыходзілі рэальныя героі — з імёнамі й адрасамі.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 586–587.

У памяці

1887 — Юзаф Ігнацы Крашэўскі, польскі пісьменьнік беларускага паходжаньня, аўтар найбольшай колькасьці выдадзеных кніг у гісторыі польскай літаратуры.

2005 — Арсень Скаруліс, беларускі палітычны актывіст, юрыст, абаронца ў шматлікіх палітычных працэсах 1996–2000 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG