Sputnik V: Гісторыя спрэчнай расейскай вакцыны супраць COVID‑19

Sputnik V: Гісторыя спрэчнай расейскай вакцыны супраць COVID‑19

Крыстына Фолтынава 8 сакавіка 2021 году

У 1957 годзе першы ў сьвеце створаны чалавекам аб'ект выйшаў на каляземную арбіту. Ён называўся Sputnik і быў запушчаны Савецкім Саюзам. Праз шэсьцьдзесят тры гады Расея запусьціла яшчэ адзін Sputnik: Sputnik V - першую зарэгістраваную вакцыну супраць каранавірусу.

Нягледзячы на сур'ёзную занепакоенасьць экспэртаў з нагоды таго, што вакцына была створаная насьпех безь неабходных выпрабаваньняў, на гэты момант больш за 40 краін вырашылі паверыць у яе і ў рознай ступені ўхвалілі Sputnik V для выкарыстаньня. Вось што варта пра гэта ведаць.

Як працуе Sputnik V?

Sputnik V - вакцына на аснове віруснага вэктару. Гэта азначае, што яна выкарыстоўвае мадыфікаваную вэрсію іншага віруса ў якасьці інструмэнта для пераносу генэтычнага матэрыялу ў клетку. Sputnik V быў распрацаваны з выкарыстаньнем адэнавірусаў, якія звычайна выклікаюць рэсьпіраторныя інфэкцыі, але іншыя вірусы (у тым ліку вірус грыпу ці адру) таксама выкарыстоўваліся пры іншых мэтадах лячэньня з дапамогай віруснага вэктару.

Вірус, які выкарыстоўваецца ў якасьці вэтару, зьменены так, што не пагражае выклікаць хваробу. Ён таксама ўводзіцца з дадатковым генам, унікальным для віруса, супраць якога ён накіраваны. Для вакцын супраць COVID-19 гэты ген зьмяшчае інструкцыі, як стварыць шыпавідны бялок, які знаходзіцца на паверхні каранавірусу.

Калі чалавек атрымлівае вакцыну, вэктар трапляе ў клетку і выкарыстоўвае яе для вырабу шыпавідных бялкоў. Як толькі імунная сыстэма распазнае шыпавідныя бялкі, яна пачынае выпрацоўваць антыцелы і актывуе іншыя імунныя працэсы ў арганізьме. Калі сыстэма сустрэне рэальны вірус у будучыні, яна ўжо будзе ведаць, як з ім змагацца.

Які быў працэс распрацоўкі вакцыны Sputnik V?

Расея пачала клінічныя выпрабаваньні вакцыны супраць COVID-19 у чэрвені 2020 году.

Менш чым праз два месяцы пасьля таго прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў, што Нацыянальны цэнтар эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Гамалеі зарэгістраваў першую ў сьвеце вакцыну супраць COVID-19.

Выпрабаваньні трэцяй фазы, у якіх звычайна ўдзельнічаюць тысячы людзей і якія доўжацца некалькі месяцаў, на той момант нават яшчэ не пачаліся. Таму многія спэцыялісты ў галіне аховы здароўя папярэджвалі, што дадзеныя пра вакцыну не канчатковыя, і выказалі сумнеў у бясьпецы вакцыны.

Неўзабаве пасьля таго Расея абвясьціла, што пашырыць выпрабаваньні вакцыны і ахопіць да 40 000 добраахвотнікаў. Выпрабаваньні трэцяй фазы пачаліся ў верасьні 2020 году.

Пасьля вакцынацыі пэўнай колькасьці мэдычных работнікаў краіны ў сьнежні 2020 году пачалася шырокамаштабная вытворчасьць. На той момант вакцына ўсё яшчэ праходзіла выпрабаваньні. Праз два тыдні пасьля таго Беларусь стала першай замежнай краінай, якая зарэгістравала расейскую вакцыну як гатовую для выкарыстаньня.

У лютым 2021 году мэдычны часопіс The Lancet апублікаваў дасьледаваньне, у якім цьвердзіцца, што вакцына Sputnik V эфэктыўная на 91,6%. Аўтары артыкулу таксама прыйшлі да высновы, што вакцына бясьпечная і можа абараніць ад шпіталізацыі і сьмерці.

Хоць Sputnik V дагэтуль быў ухвалены (у пэўнай ступені) больш чым у 40 краінах, ён яшчэ ня ўхвалены Эўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў (EMA).

Нягледзячы на гэта Вугоршчына зарэгістравала вакцыну для выкарыстаньня 21 студзеня як першая краіна ў Эўрапейскім зьвязе. У пачатку сакавіка 2021 году ў Славаччыне, яшчэ адной краіне ЭЗ была падпісаная ўгода на 2 мільёны доз.

4 сакавіка 2021 году ЕМА абвясьціла, што пачала паступовую экспэртызу (rolling review) вакцыны Sputnik V.

Sputnik V у параўнаньні зь іншымі вакцынамі

Sputnik V можна захоўваць у звычайнай лядоўні пры тэмпэратуры 2-8 градусаў Цэльсія, таму яго прасьцей захоўваць, чым некаторыя іншыя вакцыны - вакцына Pfizer / BioNTech патрабуе тэмпэратуры -70 градусаў Цэльсія, вакцына Moderna — -20 градусаў Цэльсія.

Паводле дадзеных The Lancet, яго эфэктыўнасць складае 91,6% - яна крыху меншая, напрыклад, чым у Pfizer / BioNTech і Moderna, але большая, чым у AstraZeneca і Johnson & Johnson. Аднак некаторыя навукоўцы сьцьвярджаюць, што эфэктыўнасьць вакцын цяжка параўноўваць, бо яны выпрабоўваліся на розных стадыях пандэміі і не былі правераныя адна супраць адной.

У адрозьненьне ад іншых вакцын, першая доза Sputnik V не ідэнтычная другой. Яны крыху адрозьніваюцца, бо кожная выкарыстоўвае іншы вірус у якасьці вэктару: у першай дозе гэта адэнавірус Ad26, а ў другой - адэнавірус Ad5. Цэнтр імя Гамалеі мяркуе, што гэта можа дапамагчы ўзмацніць імунную рэакцыю.

Цэны на вакцыны таксама складана параўнаць, бо дадзеныя розьняцца ў залежнасьці ад краіны, у якую імпартуецца вакцына. Напрыклад, Эўрапейскі Саюз змог дамовіцца пра цану ў 2,16 даляра за кожную дозу вакцыны AstraZeneca, што, паводле некаторых зьвестак, складае менш за палову кошту ў Паўднёвай Афрыцы.

Увогуле, вакцыны Pfizer / BioNTech і Moderna, як правіла, даражэйшыя, тым часам як вакцына Johnson & Johnson можа быць найбольш эканамічна эфэктыўнай, бо патрабуецца толькі адзін укол. З цаною каля 10 даляраў Sputnik V займае месца дзесьці ў сярэдзіне сьпісу.

Якія краіны хочуць выкарыстоўваць Sputnik V?

Паводле стану на 8 сакавіка 2021 году Sputnik V быў зарэгістраваны альбо дазволены для выкарыстаньня ў надзвычайных сытуацыях у больш чым 40 краінах сьвету. У сьпіс увайшло шмат краін Лацінскай Амэрыкі, а таксама некалькі краін Афрыкі і Азіі. У Эўропе вакцына была ўхваленая (у пэўнай ступені) у Беларусі, Рэспубліцы Сэрбскай Босьніі і Герцагавіны, Вугоршчыне, Малдове, Чарнагорыі, Сан-Марына, Сэрбіі і Славаччыне.

Тым часам як большасьць краінаў ЭЗ хочуць пабачыць, ці атрымае вакцына спачатку зялёнае сьвятло ад Эўрапейскага агенцтва лекавых сродкаў, некаторыя разглядаюць магчымасьць яе купіць раней. Вугоршчыне і Славаччына ўжо атрымалі першыя дозы. Зь іншага боку, урад Украіны абвясьціў 10 лютага 2021 году, што забараніў рэгістрацыю вакцын супраць COVID-19 ад "дзяржаваў-агрэсараў" — гэтае азначэньне ўжываецца ў дачыненьні да Расеі з 2015 году.

Усяго з Расеі было замоўлена больш за 1,2 мільярда доз. І з ростам сьпісу краін, якія ўхваляюць Sputnik V, застаецца без адказу пытаньне: ці зможа Расія своечасова паставіць усе вакцыны? Некалькі вытворцаў вакцын сутыкнуліся з затрымкамі вытворчасьці, і Цэнтр імя Гамалеі ня стаў выключэньнем. Напрыклад, у студзені Расея папярэдзіла пра затрымкі ў пастаўках у краіны Лацінскай Амэрыкі, у тым ліку ў Аргентыну і Мэксыку.

Па-за межамі Расеі як найменей шэсьць краін плянуюць вырабляць Sputnik V на сваёй тэрыторыі, улучна зь Індыяй, Паўднёвай Карэяй і Бразыліяй.

Sputnik V у сьвеце
(паводле стану на 8 сакавіка 2021)

Што расейцы думаюць пра Sputnik V?

Што да вакцынацыі наагул, то расейцы, здаецца, ставяцца да яе досыць скептычна. Паводле дасьледаваньня, апублікаванага часапісам The Lancet у верасьні 2020 году, толькі 21% расейцаў заявілі, што лічаць вакцыны бясьпечнымі, і толькі 35% пагадзіліся з тым, што вакцыны могуць мець эфэкт. Зыходзячы з гэтых дадзеных, Расея ўвайшла ў лік краін з самым нізкім даверам да вакцын у сьвеце.

Дык і ня дзіўна, што ўспрыманьне вакцын супраць COVID-19 не адрозьніваецца ад агульнай карціны. У жніўні 2020 году толькі каля чвэрці расейскіх медычных работнікаў заявілі, што гатовыя прыняць вакцыну, якую пачала вырабляць Расея.

Ці хочуць расейскія лекары прышчапляцца?
(жнівень 2020)

У канцы студзеня 2021 году, калі ў расейцаў спыталі, ці хочуць яны атрымаць вакцыну супраць каранавірусу, калі яна будзе даступная, 42% адказалі "так". Гэта была самая нізкая доля сярод краін, апытаных сацыялягічнай службай Ipsos.

У лютым 2021 году Левада-цэнтар спытаў у расейцаў, ці хочуць яны атрымаць вакцыну Sputnik V. Толькі 30% з іх адказалі "так". Тыя, хто адказаў адмоўна, у якасьці асноўных прычын назвалі недастатковае тэставаньне і магчымыя пабочныя эфэкты.

Ці хочуць расейцы прышчапляцца?
(люты 2021)

У студзені 2021 году сацыялягічная служба YouGov спытала ў жыхароў 17 краін, ці будуць яны больш пазытыўна або нэгатыўна думаць пра вакцыну супраць COVID-19, калі яна будзе распрацавана ў нейкай канкрэтнай краіне.

Вынікі паказалі, што людзі больш за ўсё давяраюць гіпатэтычнай вакцыне, распрацаванай у Нямеччыне, а затым вакцынам, распрацаваным у Канадзе і Вялікабрытаніі. Расея, Індыя, Кітай і Іран атрымалі адмоўныя балы, гэта азначае, што людзі будуць адчуваць большую занепакоенасьць, калі вакцына паступіць з гэтых краін.

Жыхары Даніі і Вялікабрытаніі былі сярод тых, хто будзе адчуваць сябе найменш камфортна адносна вакцыны, распрацаванай у Расеі. Уяўленьні пра расейскую вакцыну былі найбольш пазытыўныя ў Мэксыцы і Індыі.

Пачуцьці наконт магчымай распрацоўкі вакцыны
(Больш высокі бал азначае, што людзі будуць больш пазытыўна думаць пра вакцыну, распрацаваную ў гэтай краіне.)

Як ідзе працэс вакцынацыі ў Расіі?

Расейскія ўлады не публікуюць дадзеных пра ўзровень вакцынацыі рэгулярна. Аднак, паводле апошніх ацэнак, прыблізна 1,5% насельніцтва Расеі атрымалі як найменей адну дозу вакцыны Sputnik V паводле стану на 10 лютага 2021 году.

Хоць Расея была першай краінай у сьвеце, якая пачала вакцынацыю, яна адстае ад Ізраілю, Вялікабрытаніі, ЗША і многіх іншых краін, дзе працэс пачаўся пазьней, чым у Расеі.

Працэнт людзей, якія атрымалі хаця б адну дозу вакцыны супраць COVID-19
(Паасобныя краіны паводле стану на 10 лютага 2021)

Паводле прэс-сакратара Крамля Дзьмітрыя Пяскова, тэмпы кампаніі вакцынацыі ў Расеі "нармальныя". Тым ня менш у сярэдзіне лютага было падлічана, што ў Расеі вакцынацыя адбываецца ў чатыры разы павальней, чым, напрыклад, у ЗША.

І па меры таго, як усё больш краін жадаюць замовіць Sputnik V, узьнікаюць пытаньні наконт стратэгіі Расеі: "Мы па-ранейшаму задаемся пытаньнем, чаму Расея тэарэтычна прапануе мільёны і мільёны доз, пакуль недастаткова прасоўваецца наперад у вакцынацыі ўласнага народу", - заявіла старшыня Эўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен на прэс-канфэрэнцыі 17 лютага.

Расія плянуе вакцынаваць сёлета 68 мільёнаў чалавек, але камбінацыя скептыцызму да вакцынацыі з магчымымі вытворчымі перашкодамі можа зрабіць гэтую мэту цяжкадасягальнай. У дадатак да гэтага прэзыдэнт Уладзімір Пуцін ня хоча атрымліваць вакцыну, што не павышае даверу да Sputnik V.

Вакцыны як інструмэнт дыпляматыі

Хоць расійская вакцына ўрэшце даказвае сваю эфэктыўнасьць, некаторыя экспэрты занепакоеныя тым, што яна была распрацаваная насьпех і што прыярытэт быў аддадзены павышэньню нацыянальнага гонару, а не бясьпецы. Некаторыя нават папярэджвалі, што вакцына становіцца інструмэнтам дыпляматыі, па меры таго як Расея спрабуе атрымаць шырэйшы геапалітычны ўплыў праз пастаўкі вакцын.

Sputnik V ужо выклікаў напружаньне ў Эўрапейскіх зьвязе пасьля таго, як Вугоршчына пачала выкарыстоўваць вакцыну яшчэ да таго, як яе зацьвердзіла EMA. Расея таксама пастаўляе вакцыну ў падкантрольныя сэпаратыстам раёны ўсходу Ўкраіны, нягледзячы на забарону Кіева. Больш за тое, былі заявы пра расейскую дэзінфармацыйную кампанію, накіраваную на краіны Лацінскай Амэрыкі, з мэтай пераканаць людзей у тым, што расейскія вакцыны лепшыя за амэрыканскія.

Будучыня вакцыны Sputnik V

З прычыны недахопу заходніх вакцын супраць COVID-19 усё больш краін зьвяртаюцца да вакцыны, якую распрацавала Расея. Гэта адбываецца нягледзячы на занепакоенасьць наконт недастатковай празрыстасьці Расеі, адсутнасьці ўхваленьня вакцыны Sputnik V Эўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў, магчымых праблем з вытворчасьцю і нізкага даверу саміх расейцаў да ўласнай вакцыны.

Цяпер Расея ўваходзіць у першую пяцёрку краін з найбольшай колькасьцю выпадкаў заражэньня COVID-19. Галоўнае пытаньне: ці будзе яна здольная правесьці вакцынацыю ўласнага насельніцтва і адначасова паставіць абяцаную колькасьць вакцыны за мяжу?