Як паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай Міністэрства юстыцыі, у злачыннай схеме ўдзельнічалі Макафі і ягоны целаахоўнік Джымі Гейл Уотсан-малодшы. Макафі нібыта карыстаўся вялікай колькасьцю падпісчыкаў у твітэры, каб правакаваць зьмены курсаў крыптавалютаў, што дазваляла яму атрымліваць прыбытак.
Абвінавачваньні выставілі ў пятніцу ў фэдэральным судзе Мангэтэну. Пракурор Одры Штраўс заявіла, што Макафі і Уотсан «карысталіся папулярнай сацыяльнай сеткай і энтузіязмам інвэстараў на рынку крыптавалютаў, каб з дапамогай хлусьні зарабіць мільёны». Паводле ацэнкі Міністэрства юстыцыі ЗША, выкарыстаньне злачыннай схемы дазволіла Макафі і яго саўдзельніку атрымаць больш за 13 мільёнаў даляраў.
Макафі ўтрымліваецца пад вартай у Гішпаніі, Уотсан быў арыштаваны ў чацьвер увечары ў Тэхасе.
Імя McAfee носіць кампанія — вытворца антывірусных праграмаў. Джон Макафі ў 1994 годзе сышоў з пасады кіраўніка заснаванай ім фірмы.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў