Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маладэчне на «хімію» асудзілі мужчыну, які выйшаў на пратэст з магнітафонам


Віктар Таўгень

Віктар Таўгень атрымаў 2 гады абмежаваньня волі, але ягоны адвакат сьцьвярджае, што пракурор не прывёў ніякіх доказаў.

У судзе Маладэчанскага раёну 22 лютага быў вынесены прысуд у крымінальнай справе супраць Віктара Таўгеня паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня.

Судзьдзя Іна Каханоўская прысудзіла Віктару 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званай «хіміі»), паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Менавіта такое пакараньне запрасіў падчас спрэчак пракурор.

Віктара Таўгеня абвінавацілі ў тым, што ўвечары 9 жніўня ён груба парушаў грамадзкі парадак, а менавіта «махаў рукамі, уключаў гучна музыку на магнітафоне, ствараў штучнае асьвятленьне ліхтарыкам». Гэтыя дзеяньні кваліфікавалі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу.

Да суду Таўгень знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе. За ўдзел у той жа акцыі ён адбыў адміністрацыйны арышт з 12 па 16 жніўня паводле артыкулу 23.34 КаАП.

Падчас допыту на першым пасяджэньні Таўгень віны не прызнаў, бо не лічыў, што сваімі дзеяньнямі парушаў грамадзкі парадак. Заўваг як з боку міліцыі, так і з боку грамадзян у той дзень не атрымліваў. На думку адваката, падчас судовага разбору пракурор не агучыў ніводнага доказу віны абвінавачанага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG