Паводле рабочага, праз адсутнасьць продажаў з 1 сакавіка завод спыняецца, і супрацоўнікаў адпраўляюць шукаць сабе іншую працу. На прадпрыемстве выданьню сказалі, што ўсіх на гэты час працаўладкуюць.
Па словах суразмоўцы «Новага часу», прастоі зьвязаныя з тым, што на заводзе няма продажаў: на тэрыторыі прадпрыемства цяпер стаіць больш за 8 млн цаглін. Цяжкасьці зьявіліся і з продажам керамічнай пліткі. Пакуль прадукцыю не прададуць, бяз працы застаюцца каля 100 супрацоўнікаў цагельнага заводу, якія працуюць непасрэдна на канвэеры, гаворыць чытач.
Таксама ён прадставіў рэдакцыі дакумэнт, паводле якога «у сувязі з нестабільнасьцю фінансавага стану, выкліканага неспрыяльнай эпідэміялягічнай абстаноўкай і тым самым рэзкім зьніжэньнем аб’ёму продажаў», з 1 студзеня на прадпрыемстве прыпыняецца шэраг сацыяльных выплат супрацоўнікам, прадугледжаных калектыўнай дамовай, «да стабілізацыі фінансавага становішча».
Сярод гэтых выплат — расходы на віншаваньні з юбілеямі, матэрыяльная дапамога на аздараўленьне, выплаты ў сувязі з уступленьнем у шлюб і нараджэньнем дзіцяці і інш.
Намесьніца генэральнага дырэктара па ідэалягічнай працы і пэрсанале ААТ «Керамін» Ала Елізарава пацьвердзіла выданьню, што з 1 сакавіка прыпыніць на 2–3 месяцы працу Менскі цагельны завод:
«Такое ў нас было і летась, паколькі зімой будаўнічая галіна прыпыняецца, зьніжаецца попыт на будаўнічыя матэрыялы. У нас дастаткова цэглы, каб задаволіць патрэбы спажыўцоў, уключаючы будаўнічыя арганізацыі. І каб не вырабляць прадукцыю на склад, мы на тры месяцы плянуем спыніць вытворчасьць. Але самае галоўнае — мы ўсіх людзей працаўладкоўваем на плітачную вытворчасьць, на вытворчасьць санітарна-тэхнічных вырабаў, улічваючы кваліфікацыю і стан здароўя работнікаў. Больш за тое, пры часовым пераводзе супрацоўнікам захоўваецца сярэдні заробак. Нікога не звальняем і не плянуем звальняць».
Таксама яна пацьвердзіла, што да вясны прыпыняюцца некаторыя сацыяльныя выплаты, прадугледжаныя калектыўнай дамовай.