Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На затрыманых удзельнікаў акцыі салідарнасьці ля аддзяленьня беларускай амбасады ў Пецярбургу склалі пратаколы


Акцыя ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі, Санкт-Пецярбург, 10 кастрычніка 2020.
Акцыя ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі, Санкт-Пецярбург, 10 кастрычніка 2020.

На затрыманых каля аддзяленьня беларускай амбасады ў Санкт-Пецярбургу ўдзельнікаў акцыі склалі адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне супрацьэпідэмічных захадаў.

З 1-га аддзелу паліцыі Санкт-Пецярбургу адпусьцілі 14 чалавек, затрыманых 26 сьнежня каля аддзяленьня беларускай амбасады.

Як паведамляе «Северо-Запад. МБХ медиа», на ўсіх склалі пратаколы за парушэньне артыкула 8-6-1 адміністрацыйнага кодэксу Санкт-Пецярбургу (парушэньне супрацьэпідэмічных мер).

Як паведаміў расейскаму выданьню прадстаўнік беларускага зямляцтва Артур Грунтоў, беларусам Пецярбургу забаранілі зьбірацца з нацыянальнай атрыбутыкай ля будынку амбасады і скандаваць лёзунгі. Да ўдзельнікаў пікету ля амбасады ў мінулую пятніцу падышоў супрацоўнік паліцыі і паведаміў, што пачынаючы з суботы, 26 сьнежня, забараняецца знаходзіцца ля амбасады зь беларускай атрыбутыкай і скандаваць лёзунгі.

Па словах Грунтова, забарону паліцэйскі патлумачыў фэдэральным законам, які забараняе грамадзянам замежных дзяржаў ладзіць мітынгі на тэрыторыі Расеі.

Грунтоў удакладніў, што паліцыя пачне штрафаваць людзей з сымболікай. Штраф складзе чатыры тысячы рублёў. Пры гэтым проста стаяць ля амбасады, безь сьцягоў і іншай атрыбутыкі, будзе дазволена.

Беларусы Пецярбургу 139 дзён запар выходзілі да будынку аддзяленьня амбасады зь бел-чырвона-белай сымболікай, патрабуючы адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і спыненьня гвалту ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG