Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск і Масква яшчэ не дамовіліся пра цану газу для Беларусі


Уладзімер Сямашка
Уладзімер Сямашка

Урад Беларусі і кампанія «Газпром» за два тыдні да заканчэньня газавага кантракту працягваюць перамовы аб умовах паставак сыравіны на 2021 год.

Прэс-служба «Газпрому» паведаміла, што 16 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу адбылася сустрэча старшыні праўленьня карпарацыі Аляксея Мілера з амбасадарам Беларусі ў Расеі, былым віцэ-прэм'ерам Уладзімерам Сямашкам і міністрам энэргетыкі Віктарам Каранкевічам.

«Удзельнікі перамоваў абмеркавалі ўмовы паставак расейскага газу ў Беларусь і яго транзыту праз тэрыторыю краіны ад 1 студзеня 2021 году», — гаворыцца ў выніковым прэс-рэлізе.

Падрабязнасьцяў перамоваў не падаюць, за выключэньнем згадкі, што да канца 2020 году дзейнічаюць кантракты на пастаўку газу ў краіну і яго транспартаваньне далей на Захад.

Цана газу для Беларусі сёлета 127 даляраў за тысячу кубамэтраў. «Несяброўскім тарыфам» для найбліжэйшага хаўрусьніка неаднаразова абураўся Аляксандар Лукашэнка, заяўляючы, што гэта нашмат больш, чым нават для заходнеэўрапейскіх спажыўцоў.

Масква, у сваю чаргу, дакарала Менск, што ён сёлета назапасіў значны доўг за пастаўкі — прыкладна 330 млн даляраў на сярэдзіну верасьня. У Беларусі доўгі час гэта зьняпраўджвалі — маўляў, у «Газпроме» некарэктна вылічваюць «калярыйнасьць сыравіны», завышаючы цану.

Аднак Расея на саступкі не пайшла і галоўнай умовай пачатку новых перамоваў выставіла пагашэньне старой запазычанасьці. У кастрычніку дамовіліся аб расейскім крэдыце на паўмільярда даляраў, большая частка якога пасьля атрыманьня пайшла якраз на аплату газавых рахункаў.

Летась Беларусь імпартавала з Расеі 20 млрд кубамэтраў газу, аналягічныя аб’ёмы заплянаваныя і на бягучы год. Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што з уводам БелАЭС залежнасьць ад расейскага газу зьнізіцца мінімум на чвэрць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG