Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісту далі тры разы па 15 сутак. Ён абвясьціў галадоўку


Затрыманьне ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Затрыманьне ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Актывіста анархісцкага руху Ўладзіслава Машчука першы раз затрымалі 2 кастрычніка, калі ён выходзіў з аўтобуса. У гэты час не было ні акцыяў, ні пікетаў.

Уладзіславу прысудзілі 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, хоць ніякай акцыі, паводле яго, паблізу не было. Пасьля першых адбытых сутак Уладзіслаў выйшаў на волю — пра гэта расказала ягоная сяброўка Ірына (імя зьмененае). Праз два тыдні яго зноў затрымалі ў кавярні, пасьля таго як хлопец сустрэў сваіх сяброў каля Акрэсьціна.

Затрыманьне прайшло ў кавярні Döner Kebab. Разам з Уладзіславам тады затрымалі Марыну Кастылянчанку, Аляксандра і Натальлю, Марыю і Ўладзімера.

Уладзіславу зноў прысудзілі 15 сутак, адбываць адправілі ў СІЗА ў Баранавічах.

«У пратаколе было запісана, што ён удзельнічаў у пікеце. Не было нават сьведак, проста прыклалі рапарт», — кажа Ірына.

Усіх, каго затрымалі разам з Уладзіславам, у тым ліку журналістку Марыну Кастылянчанку, асудзілі на 15 сутак. Але пасьля тэрміну людзі ня выйшлі на волю. Іх судзілі яшчэ раз. І зноў па артыкуле 23.34.

17 лістапада суд Баранавіцкага раёну асудзіў Уладзіслава Машчука на 15 сутак. Для яго гэта ўжо трэція «суткі». Марыі Кастылянчанцы прысудзілі 15 сутак, Марыі і Натальлі — 10 сутак, Уладзімеру і Аляксандру — 15 сутак.

Уладзіслаў Машчук абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць такога прысуду. Інфармацыю пра гэта яму ўдалося перадаць праз адваката на судзе.

Па словах сяброўкі Ўладзіслава, цяпер ён галадае ўжо больш за тыдзень, адчувае сябе кепска.

«Сьпярша яму ня верылі, але калі ён ледзь ня страціў прытомнасьць, мясцовыя лекары ўгаворвалі яго паесьці», — кажа яна.

На волю Уладзіслаў мае выйсьці 29 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG