Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ўвядзе санкцыі супраць Нямеччыны і Францыі, — Лаўроў


Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Расея ўвядзе санкцыі супраць Нямеччыны і Францыі ў сувязі са справай расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага.

Краіны Эўразьвязу на падставе заключэньняў спэцыялістаў прыйшлі да высновы, што Навальны быў атручаны ў Расеі хімічнай зброяй — рэчывам з групы «Навічок». У сувязі з гэтым ЭЗ увёў санкцыі супраць шасьці грамадзян Расеі, у тым ліку супраць першага намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Сяргея Кірыенкі, дырэктара ФСБ Аляксандра Бортнікава і іншых афіцыйных асобаў.

Паводле Лаўрова, расейскія санкцыі будуць «люстэркавымі». Міністар лічыць, што Нямеччына і Францыя былі ініцыятарамі прыняцьця санкцый супраць расейскіх чыноўнікаў, таму расейскія санкцыі закрануць «кіроўных супрацоўнікаў апаратаў кіраўнікоў Нямеччыны і Францыі». Паводле слоў Лаўрова, рашэньне аб іх ужо прынята, і неўзабаве гэтым краінам будзе афіцыйна абвешчана, хто трапіў у сьпіс.

Санкцыі, як правіла, азначаюць забарону на ўезд і замарожваньне актываў, калі яны ёсьць.

Лаўроў 12 лістапада даў інтэрвію расейскім і замежным СМІ. Кажучы аб атручэньні Навальнага, Лаўроў сказаў, што ў Расеі ёсьць «усе падставы меркаваць», што ён быў атручаны альбо на тэрыторыі Нямеччыны, альбо ў самалёце, які даставіў яго з Омску ў бэрлінскую клініку Charite. На чым грунтуецца такая выснова, Лаўроў не сказаў.

Навальны, які пасьля выпіскі з клінікі ў Нямеччыне праходзіць там рэабілітацыю, пакуль не камэнтаваў словы Лаўрова. Яго прэс-сакратар Кіра Ярмыш назвала вэрсію аб атручэньні Навальнага ў Нямеччыне «самай ідыёцкай» з усіх магчымых.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG