Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парэшткі Зьмітрака Бядулі перапахаваюць 3 лістапада на Ўсходніх могілках у Менску


Зьмітрок Бядуля

Пісьменьнік Зьмітрок Бядуля (Самуіл Яфімавіч Плаўнік) памёр 3 лістапада 1941 году ў цягніку, на якім ехалі эвакуаваныя зь Беларусі; на станцыі Ўральск у Казахстане яго пахавалі. Праз 79 гадоў яго перапахаваюць на радзіме.

Сваякі Бядулі шэсьць разоў спрабавалі арганізаваць яго перапахаваньне ў Беларусі. 26 лютага сёлета парэшткі Зьмітрака Бядулі былі перавезеныя на Радзіму. Дырэктар Музэю гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў паведаміў газэце «Звязда», што Бядулю пахаваюць на Ўсходніх могілках.

«Маем пацьверджаньне, што выдзелена месца на 26-м участку, гэта якраз зьлева ад цэнтральнага ўваходу, дзе магілы выдатных асобаў. Пахаваньне адбудзецца 3 лістапада — менавіта ў гэты дзень памёр Зьмітрок Бядуля.

«Перад пахаваньнем адбудзецца цырымонія разьвітаньня. Мы плянуем правесьці яе ў філіяле нашага музэю па вуліцы Рабкораўскай, 19 — у „Беларускай хатцы“, дзе Зьмітрок Бядуля жыў. І гэта таксама сымбалічна: чалавек, які жыў у тым доме, з гэтага дома і выправіцца ў апошні шлях. Як быццам пачынаецца новы круг прысутнасьці пісьменьніка на радзіме, дзе адраджаецца ягоная памяць, дзе пра яго выходзяць кнігі, а напісанае ім вывучаюць у школах.

Магіла Зьмітрака Бядулі ў Казахстане.
Магіла Зьмітрака Бядулі ў Казахстане.

У „Беларускай хатцы“ ёсьць экспазыцыя пра Зьмітрака Бядулю, зь якой падчас цырымоніі разьвітаньня можна азнаёміцца. Там выставім і абломкі надмагільнай пліты з Уральску, якую разам з парэшткамі прывезьлі з Казахстану — гэта ўжо экспанат нашага музэю.

Будзе магчымасьць і пасядзець на лаўцы ь імем Зьмітрака Бядулі на Сьцяжынцы пісьменьнікаў, прысьвечанай славутым асобам, якія жылі ў гэтым доме. У цырымоніі разьвітаньня возьмуць удзел тыя самыя асобы, што займаліся праектам вяртаньня парэшткаў клясыка на радзіму. Гэта прадстаўнікі Фонду Марыі-Магдалены Радзівіл, які ўзначальвае Аляксандр Сапега. На жаль, сам Сапега з прычыны пандэміі прыехаць ня зможа. Партнэрам фонду зьяўляецца і наш музэй, які ўдзельнічае ў праекце ад самага пачатку. Вядома, возьме ўдзел у цырымоніі сын пісьменьніка Яфім Плаўнік. Будуць прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, якое на даручэньне Савету Міністраў займаецца праектам, з удзелам Міністэрства культуры, Мінскага гарвыканкаму. Напэўна, далучацца грамадзкія, творчыя, навуковыя арганізацыі»,— паведаміў дырэктар Музэю гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў.

Імша пасьля эксгумацыі парэнткаў Бядулі ў Казахстане.
Імша пасьля эксгумацыі парэнткаў Бядулі ў Казахстане.

Парэшткі Бядулі цяпер знаходзяцца ў Ільлінскай царкве ў Бабруйску.

«Плянуецца, што яны ў суправаджэньні протаярэя храма будуць прывезеныя ў Менск 3 лістапада. З 11:00 да 13:00 мы плянуем адкрыць „Беларускую хатку“ для ўсіх, хто захоча аддаць даніну памяці беларускаму пісьменьніку. У 14:00 — пахаваньне на Ўсходніх могілках. Там выступяць усе асноўныя ўдзельнікі. Пакуль што на магіле паставяць крыж. Потым будзе аб’яўлены конкурс на помнік», — паведаміў дырэктар Музэю гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG