Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над дацэнткай Натальляй Дулінай прызначаны на 2 лістапада


Страйк у МДЛУ, 26 кастрычніка 2020 году
Страйк у МДЛУ, 26 кастрычніка 2020 году

Суд над звольненай зь Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальляй Дулінай адбудзецца 2 лістапада, выхадныя яна правядзе ў зняволенні, паведамляе БелаПАН са спасылкай на калег выкладчыцы.

Дацэнтка Дуліна была затрыманая сёньня каля МДЛУ невядомымі. Пазьней зьявілася інфармацыя аб тым, што яна дастаўленая ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсьціна і застанецца там да суду.

Як мяркуецца, Дуліна затрыманая паводле адміністрацыйнага артыкулу.

30 кастрычніка каля МДЛУ прайшла акцыя салідарнасьці з адлічанымі студэнтамі і звольненымі выкладчыкамі. У ёй прынялі ўдзел студэнты, іх бацькі, выкладчыкі і выпускнікі.

Натальлю Дуліну, калі яна выйшла з МДЛУ, людзі сустрэлі аплядысмэнтамі. Яны трымалі расьцяжку са словамі «VIVA Дуліна!» і скандавалі «Дуліна, мы ганарымся!», «Дзякуй!», «Жыве Беларусь!», «Саша, ты адлічаны!».

«Загад аб маім звальненні ёсьць, я яго яшчэ не падпісала, таму што знаходжуся ў забастоўцы», — паведаміла выкладчыца.

«Па сутнасці, мяне звольніў Лукашэнка сваімі словамі 27 кастрычніка. Астатнія толькі навыперадкі выконваюць яго загады», — сказала Дуліна.

27 кастрычніка на нарадзе ў справе падрыхтоўкі Ўсебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Хто выйшаў, парушаючы закон, на несанкцыянаваныя акцыі, пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я казаў, каго ў армію, а каго на вуліцу. Няхай ходзяць па вуліцы. Але яны павінны быць адлічаныя з ВНУ. Тое ж самае выкладчыкі, іх таксама адзінкі, якія брыдка сябе паводзяць у ВНУ».

Дацэнт катэдры італьянскай мовы Натальля Дуліна прапрацавала ў МДЛУ 29 гадоў. Разам зь дзвюма іншымі выкладчыцамі яна звольненая з ВНУ за актыўную грамадзянскую пазыцыю. Сёньня стала вядома, што ўнівэрсытэт на знак салідарнасьці з калегамі пакінула прафэсар катэдры агульнага мовазнаўства Алена Лукашанец.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG