Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пракуратуру Магілёва падалі на Лукашэнку скаргі ў сувязі з карупцыяй і незаконным абаротам зброі


Аляксандар Лукашэнка

Магілёўскі праваабаронца Аляксандар Хамратаў зьвярнуўся ў пракуратуру Магілёва з заявамі аб тым, што Аляксандар Лукашэнка незаконна канфіскаваў у нейкага дзяржпрадпрыемства 15 тысячаў даляраў, а таксама ўзброіў свайго непаўналетняга сына Мікалая агнястрэльнай зброяй.

Пра гэта паведамляе выданьне «Магілёўскі рэгіён».

Паводле першай скаргі Хамратава, у шэрагу СМІ прайшоў камэнтар Лукашэнкі пра тое, што ён асабіста ўзяў з рахунку дзяржаўнага прадпрыемства 15 тысячаў даляраў і перадаў іх апазыцыянэрцы Сьвятлане Ціханоўскай для пражываньня за мяжой.

«Названыя дзеяньні дзеючым заканадаўствам не прадугледжаныя. Больш за тое — забароненыя, і, на маю думку, зьяўляюцца перавышэньнем службовых паўнамоцтваў і злоўжываньнем уладай», — мяркуе Хамратаў.

У другой скарзе ён зьвяртае ўвагу на тое, што прэсавай службай кіраўніка дзяржавы былі апублікаваныя відэазапісы за 23 жніўня, дзе малодшы сын Лукашэнкі Мікалай, якому яшчэ ня споўнілася 18 гадоў, зьявіўся з аўтаматам Калашнікава.

Паводле Хамратава, гэта незаконнае нашэньне агнястрэльнай зброі, што, як і яго захоўваньне і перадача, утварае склад правапарушэньня і злачынства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG