Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд апраўдаў аднаго з затрыманых пасьля Маршу справядлівасьці ў Менску


Марш справядлівасьці ў Менску, 20 верасьня 2020 году.

46-гадовага Леаніда Ш. (мужчына папрасіў не ўказваць імя) схапілі падчас зачысткі праспэкта Незалежнасьці ў Менску пасьля нядзельнага маршу, паведамляе «Наша ніва».

«Я ў нядзелю быў ля Акадэміі Навук, ішоў купіць квіткі ў кінатэатр „Кастрычнік“, хацеў жонку звадзіць. Гэта быў вечар, прыкладна 18:30. Я падыходзіў да пераходу, там было шмат людзей. І раптам пад’ехалі аўтазакі, людзі пабеглі. Я ў шоку таксама пабег — а што было рабіць? Я разгубіўся і ўвогуле не чакаў такога разьвіцьця падзей. Усіх схапілі. Ну і мяне таксама».

Пасьля Леаніда разам з іншымі затрыманымі даставілі ў Ленінскае РУУС Менска.

«Склалі пратаколы, што я быў удзельнікам мітынгу, крычаў, супраціўляўся пры затрыманьні. Я напісаў, што з пратаколам ня згодны, што мяне ўзялі выпадкова, — кажа мужчына. — Але хачу адзначыць, што ў міліцыі адэкватна ставіліся, прапаноўвалі і ваду, і ў прыбіральню».

Пасьля Леаніда адвезьлі ў турму ў Жодзіна. У панядзелак быў суд.

«Я на судзе сказаў: у мяне абаргонцаў няма, ні сьведкаў, ні адваката. Буду абараняць сябе сам. Судзьдзя выслухала мае паказаньні, сказала, што яны адэкватныя і што з боку праваахоўчых органаў не хапае доказаў маёй віны. Мяне апраўдалі. Усё было хутка, суд ішоў хвілін 10-15. На ім выслухалі толькі мяне, сьведкі з боку міліцыі не выступалі. Мяне вызвалілі, валянтэры сустрэлі і адвезьлі дадому», — узгадвае Леанід.

Як сам мужчына ставіцца да мітынгаў?

«Неспакойна сёньня. Я не разумею, чым сытуацыя скончыцца, але хачу, каб усё разрулілася нарэшце. Галоўнае — мірным шляхам», — кажа Леанід.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG