Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Будзёнаўску ўшанавалі ахвяраў тэракту 25-гадовай даўніны


Будзёнаўск, чэрвень 1995

У Будзёнаўску, горадзе ў Стаўрапольскім краі, ушанавалі памяць загінулых у 1995 годзе, калі ўзброеныя баевікі пад камандаваньнем палявога камандзіра Шаміля Басаева захапілі закладнікаў. 14 чэрвеня па ўсім горадзе прайшло ўскладаньне кветак да помнікаў, прысьвечаных гэтай трагедыі.

25 гадоў таму атрад з двухсот чачэнскіх баевікоў пад камандаваньнем Басаева ўзяў у закладнікі каля паўтары тысячы чалавек. Іх сагналі ў цэнтральную раённую бальніцу, у якой яны правялі пяць сутак, з 14 па 19 чэрвеня 1995 году. Тэрарысты паставілі ўльтыматум расейскім уладам: спыніць баявыя дзеяньні ў Чачні і пачаць перамовы з кіраўніком сэпаратысцкай Рэспублікі Ічкерыя Джахарам Дудаевым. 17 чэрвеня расейскія вайскоўцы распачалі спробу штурму бальніцы, 19 чэрвеня пад ціскам абставінаў Крэмль пагадзіўся на перамовы з Басаевым.

Закладнікі былі вызваленыя, атраду Басаева дазволілі вярнуцца ў Чачню. Ахвярамі трагедыі сталі 129 чалавек, яшчэ 415 былі параненыя. Некалькі высокапастаўленых маскоўскіх чыноўнікаў сышлі ў адстаўку.

Захоп закладнікаў у Будзёнаўскі стаў адным з самых страшных і ключавых эпізодаў першай чачэнскай вайны. Яна завяршылася ў канцы 1996 году падпісаньнем Хасаўюртаўскіх пагадненьняў: расейскія войскі былі выведзеныя з тэрыторыі рэспублікі, пытаньне аб вызначэньні статусу Чачні было адкладзенае на пяць гадоў. Шаміль Басаеў змог арганізаваць яшчэ некалькі буйных тэрактаў: у 2006 годзе ён быў ліквідаваны ў выніку апэрацыі расейскіх спэцслужбаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG