Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці зламалі пальцы, пляменьніцу палохалі пісталетам. Як адбываўся ператрус у мазырскага фэрмэра


Фэрмэр Аляксандар Вянгура
Фэрмэр Аляксандар Вянгура

У ноч на 4 чэрвеня ў мазырскага фэрмэра Аляксандра Вянгуры адбыўся начны ператрус. 18 чалавек «перавярнулі дагары нагамі» дом і фэрмэра, і ягонай маці Тамары Фёдараўны. Аказалася, што «нападнікі» зламалі маці фэрмэра пальцы рукі. Аляксандар цяпер на Акрэсьціна ў Менску, да яго не пускаюць адвакатаў.

Што адбылося

Пасьля арышту Сяргея Ціханоўскага 29 траўня ў Горадні па ўсёй краіне пачаліся затрыманьні ягоных прыхільнікаў. У ноч на 4 чэрвеня ў дом да фэрмэра Аляксанра Вянгуры, пра якога здымаў сюжэт Ціханоўскі, уварваліся міліцыянты і людзі ў цывільным, агулам 18 чалавек. Прычым яны прыехалі на аўтамабілях з менскімі і берасьцейскімі нумарамі. Яны шукалі Дзьмітрыя Папова – грамадзяніна Расеі, які мадэраваў сацыяльныя сеткі «Страны для жизни».

5 чэрвеня міліцыя затрымала Аляксандра Вянгуру, Аляксандра Цуканава (мадэратар супольнасьці ў сацыяльных сетках «Мозырь для жизни») і Дзяніса Коласа. Суткі іхнія сваякі не маглі даведацца – дзе іх блізкія людзі і што зь імі. Потым стала вядома, што ўсім траім далі па 15 сутак. Прычым па невядомай прычыне дваіх Аляксандраў і Дзяніса завезьлі на Акрэсьціна ў Менск.

Што цяпер з затрыманымі

Ірына, жонка Аляксандра, распавяла Свабодзе, што на гэтым тыдні яны езьдзілі ў Менск, заводзілі перадачы для затрыманых. Перадачы прынялі, але адвакатаў да арыштаваных на Акрэсьціна не пусьцілі, спаслаліся на «эпідэміялягічную сытуацыю».

Што з маці фэрмэра

«Палеская вясна» паведаміла, што маці Аляксандра Вянгуры зламалі пры ператрусе руку, а на яе ўнучку настаўлялі пісталет. Дзяўчынка моцна спалохалася.

Тамара Фёдараўна пацьвердзіла Свабодзе, што ёй пры начным ператрусе зламалі пальцы рукі. Яна хадзіла на экспэртызу, падала заяву ў міліцыю. «Я ўжо баюся хоць нешта казаць, каб Сашу (сыну. – РС) не зрабілі горш! Хоць бы ён выйшаў з турмы...Мы раней верылі ў нешта – піянэраў, камсамол... А сёньня каму верыць?! Вакол сваволя і страх! У мяне душа разрываецца на кавалкі – як там Саша, што зь ім?!», – зазначыла Тамара Фёдараўна.

Яна дадала, што ў тую ноч у яе начавала ўнучка, а невядомыя бегалі па хаце і шукалі некага (Дзьмітрыя Папова. — РС). Яны ўварваліся ў адзін з пакояў, дзе спала ўнучка, і наставілі на яе пісталет. Цяпер дзяўчынка моцна перапалоханая.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG