Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беспрацоўе ў ЗША ў траўні скарацілася — нечакана для экспэртаў


Узровень беспрацоўя ў ЗША ў траўні нечакана зьнізіўся ў параўнаньні з красавіком. Паводле дадзеных Міністэрства працы, апублікаваных у пятніцу, бяз працы ў траўні былі 13,3 адсотка амэрыканцаў.

Большасьць экспэртаў пры гэтым чакалі, што лічбы будуць значна вышэй — да 20 працэнтаў.

У ЗША ў траўні было створана 2,5 мільёна новых працоўных месцаў — гэта рэкорд.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў некалькіх твітах выказаў захапленьне ў сувязі з новымі дадзенымі, якія зьдзівілі і яго самога. Ён назваў лічбы «неверагоднымі».

У красавіку ўзровень беспрацоўя быў 14,7 працэнта.

Нягледзячы на нечакана пазытыўную статыстыку, аб’ектыўна ўзровень беспрацоўя ў ЗША — істотна вышэй сярэдняга. Прычынай рэзкага скачка беспрацоўя стала каранавірусная інфэкцыя і карантынныя захады, празь якія мноства прадпрыемстваў, перш за ўсё ў сфэры паслуг, былі вымушаныя зачыніцца і звольніць працаўнікоў — часова або пастаянна.

За мінулыя два месяцы па дапамогу ў сувязі зь беспрацоўем зьвярнуліся больш за 25 мільёнаў амэрыканцаў — гэта рэкорд. Новыя дадзеныя, аднак, дазваляюць спадзявацца на больш хуткае аднаўленьне эканомікі, чым чакалася.

У шэрагу штатаў яшчэ застаюцца ў сіле карантынныя абмежаваньні, аднак паступова яны здымаюцца, хоць штодня ў ЗША па-ранейшаму выяўляюць па 20 тысяч і больш выпадкаў заражэньня каранавірусам. Колькасьць сьмерцяў, аднак, цяпер прыкметна ніжэй, чым на піку эпідэміі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG