Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі памёр зьнявечаны ў калёніі праваабаронца Сяргей Махнаткін


Сяргей Махнаткін

У Расеі памёр праваабаронца і грамадзкі актывіст Сяргей Махнаткін. Пра ягоную сьмерць паведамілі пісьменьнік Віктар Шэндэровіч, праваабаронца Грыгорый Міхноў-Вайценка і іншыя людзі, якія яго ведалі. Махнаткіну было 66 гадоў.

Махнаткін памёр пасьля працяглай хваробы, расказвае расейская служба Свабоды. У красавіку яго жонка Ганна Крэчатава напісала, што ён знаходзіцца ў цяжкім стане пасьля апэрацыі ў маскоўскім шпіталі. 3 красавіка загадчыца рэанімацыйнага аддзяленьня заявіла, што магчыма любое разьвіцьцё, бо «вельмі шмат ускладненьняў».

У канцы 2019 году 66-гадовы Сяргей Махнаткін быў шпіталізаваны ў цяжкім стане. У яго пачаліся ўскладненьні пасьля траўмы, атрыманай падчас знаходжаньня ў папраўчай калёніі №4 гораду Архангельску. У 2016 годзе расейскія турэмнікі зламалі яму хрыбетнік. Па словах блізкіх, дамагчыся шпіталізацыі атрымалася толькі з дапамогай праваабаронцаў.

31 сьнежня 2009-га Сяргея Махнаткіна арыштавалі падчас пратэставай акцыі «Стратэгія 31» на Трыюмфальнай плошчы ў Маскве. Ён быў абвінавачаны ў зьбіваньні супрацоўніка 2-га апэратыўнага палка міліцыі і асуджаны на 2 гады 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Знаходзячыся ў калёніі, актыўна абараняў свае правы і правы іншых зьняволеных, за што неаднаразова зазнаў рэпрэсіі. Расейская праваабарончая супольнасьць прызнала яго палітычным вязьнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG