Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Кіеве прыняў дваістае рашэньне наконт сымболікі дывізіі СС «Галічына»


Уладзімір Вятровіч
Уладзімір Вятровіч

Суд у Кіеве 27 мая прызнаў незаконнай заяву былога кіраўніка Інстытуту нацыянальнай памяці Ўкраіны Ўладзіміра Вятровіча, што сымболіка дывізіі СС «Галічына» не зьяўляецца нацысцкай. Таксама ён абавязаў інстытут устрымацца ад распаўсюду такіх высноваў.

З пазовам супраць Вятровіча ў 2017 годзе зьвярнуўся кіраўнік Украінскага габрэйскага камітэту Эдуард Далінскі. Ён запатрабаваў прыцягнуць гісторыка да адказнасьці за публічную заяву, што «Галічына» ня мае дачыненьня да нацысцкага рэжыму.

Але ў задавальненьні гэтага патрабаваньня пазоўнікам было адмоўлена. Акрамя таго, суд ня стаў прызнаваць сымболіку «Галічына» нацысцкай, а толькі ацаніў заяву Вятровіч.

Гісторык Уладзімір Вятровіч — адзін з галоўных ідэолягаў дэкамунізацыі ва Ўкраіне. Пасьля перамогі Майдану ў 2014 годзе ён узначаліў Інстытут нацыянальнай памяці. Пад яго кіраўніцтвам інстытут распрацаваў пакет законаў аб дэкамунізацыі, у адпаведнасьці зь якімі была створаная прававая база для ліквідацыі помнікаў савецкім дзеячам, перайменаваньня названых у іх гонар вуліц і гарадоў, забароны на савецкую сымболіку.

Законы былі прынятыя Вярхоўнай Радай у 2015 годзе. Акрамя таго, байцы Украінскай паўстанцкай арміі атрымалі статус змагароў за незалежнасьць Украіны. Былі таксама адкрытыя архівы КДБ і савецкіх партыйных органаў.

Дзейнасьць Вятровіча крытыкавалі расейскія афіцыйныя асобы і польскія палітыкі. Яны вінавацілі гісторыка ў гераізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, якія маюць дачыненьне да ваенных злачынстваў. Кабінэт міністраў Украіны зьняў Вятровіча з пасады дырэктара інстытуту ў 2019 годзе.

14-я дывізія СС «Галічына» — вайсковае фармаваньне, набранае з украінскіх добраахвотнікаў. Дывізія ўваходзіла ў склад войскаў СС нацысцкай Нямеччыны і вяла баявыя дзеяньні супраць партызанаў у Францыі, Польшчы, былой Югаславіі і на тэрыторыі Заходняй Украіны. Нюрнбэрскі трыбунал прызнаў войскі СС, у якія ўваходзіла «Галічына», злачыннай арганізацыяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG