Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон паабяцаў маштабную падтрымку францускай аўтамабільнай прамысловасьці


Электрамабіль Citroën C-Zero

Францыя выдзеліць больш за 8 мільярдаў эўраў на падтрымку аўтамабільнай прамысловасьці. Пра гэта заявіў прэзыдэнт краіны Эманюэль Макрон. Грошы, перш за ўсё, будуць накіраваныя на вытворчасьць электрамабіляў і машын з гібрыдным рухавіком.

Субсыдыі атрымаюць таксама пакупнікі гэтых аўтамабіляў. Мяркуецца, што ахвотныя купіць гібрыдны аўтамабіль з магчымасьцю падзарадкі ад сеткі атрымаюць ад дзяржавы дзьве тысячы эўра.

З прычыны пандэміі каранавірусу аўтамабільная вытворчасьць у Францыі скарацілася на 80 адсоткаў. У прадаўцоў сабралася паўмільёна новых і патрыманых машын. Паводле Макрона, дзяржава гатовая ня толькі стымуляваць продаж, але і падтрымліваць інавацыйныя распрацоўкі.

У абмен на дзяржаўную дапамогу заводы, паводле словаў францускага прэзыдэнта, ужо пагадзіліся вярнуць вытворчасьць зь іншых краінаў у Францыю і захаваць ужо наяўныя ў краіне магутнасьці ў поўным аб’ёме.

Маштабнай задачай Францыі да 2025 году зьяўляецца выпуск аднаго мільёну экалягічных аўтамабіляў у год. Краіна павінна стаць першым у Эўропе вытворцам «чыстых» машын, заявіў Макрон. Паводле словаў Макрона, 100 тысяч новых станцый для падзарадкі электрамабіляў зьявяцца ўжо ў наступным годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG